Макей ўсё яшчэ кліча Ўкраіну ў Мытны саюз

Уладзімер Макей

Адказваючы на пытаньні газэты «Звязда» міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей выказаўся за павелічэньне колькасьці сябраў Мытнага саюза, у тым ліку за кошт Украіны, якая абрала эўрапейскі вэктар інтэграцыі.
На пытаньне аб тым, як уплываюць на «эўразійскую інтэграцыю» ўкраінскі крызіс і ці Беларусь па-ранейшаму зацікаўлена ў далучэньні Ўкраіны да Мытнага саюзу, Уладзімер Макей адказаў:

«Павелічэньне колькасьці ўдзельнікаў інтэграцыйнага аб’яднаньня стварае магчымасьці для пашырэньня ўнутранага рынку АЭП, інтэграцыі ў сусьветную гаспадарку і павышэньня цікавасьці з боку замежных інвэстараў.

Ўступленьне Ўкраіны ў Мытны саюз таксама прынесла б украінскім партнэрам бясспрэчныя эканамічныя дывідэнды, у тым ліку ў частцы фармаваньня дадатковых умоў для росту тавараабароту, пашырэньня інвэстыцыйнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Акрамя таго, удзел у АЭП не абмяжоўвае права яго членаў ажыцьцяўляць шматвэктарную палітыку і паглыбляць узаемадзеяньне з іншымі дзяржавамі.

Але пашырэньне Мытнага саюза не самамэта і цалкам залежыць ад сувэрэннага выбару краін-магчымых кандыдатаў. Мы лічым, што ўкраінскі народ павінен сам выбіраць інтэграцыйны вэктар разьвіцьця. Якім бы ён ні быў, мы працягнем разьвіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Украінай па ўсіх напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць».