Кангрэс ЗША гатовы прыняць законапраект па Ўкраіне

Cьпікер Палаты прадстаўнікоў Джон Бэйнэр

Заканадаўцы маюць намер увесьці больш жорсткія санкцыі адносна Расеі і даць Украіне фінансавую дапамогу.
Кангрэс ЗША гатовы прыняць законапраект аб аказаньні дапамогі Ўкраіне і ўвядзеньні санкцыяў супраць Расеі ў сувязі з анэксіяй Крыму.

Законапраект, як чакаецца, будзе прадстаўлены на подпіс прэзыдэнту ЗША Абаму 1 красавіка.

У законапраекце прадугледжваюцца гарантыі Ўкраіне па пазыках у 1 мільярд даляраў і ўвядзеньне эканамічных санкцыяў супраць высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў.

«Голас Амэрыкі» цытуе сьпікера Палаты прадстаўнікоў Джона Бэйнэра, які адзначыў:

«Наша мэта — сумеснымі намаганьнямі як мага хутчэй прыняць гэты законапраект».

Такіх рэзкіх выказваньняў, якія прагучалі падчас дэбатаў у абедзьвюх палатах, кангрэс ня чуў ад пачатку халоднай вайны. Сэнатар-рэспубліканец Джон Макейн параўнаў тэрытарыяльную экспансію пры прэзыдэнце Пуціну зь дзеяньнямі Нямеччыны пры Гітлеру.

«Відавочна, што паколькі на мяжы з Украінай сканцэнтраваныя войскі, ён задумаў далейшыя дзеяньні. Я ня ведаю, зробіць ён гэта ці не. Але перад тым як нешта зрабіць, яму давядзецца ўзважыць усе плюсы і мінусы агрэсіі супраць сувэрэннай дзяржавы».

Заканадаўцам спатрэбілася некалькі тыдняў, каб дамовіцца пра канкрэтныя захады дзеля падтрымкі Кіева і ўвядзеньня санкцыяў супраць Масквы. Аднак іх намер зрабіць гэтыя захады ні ў кога ня выклікаў сумневу.

Cэнатар-дэмакрат Робэрт Мэнэндас: «Увесь сьвет назірае за гэтай сытуацыяй. Сусьветная супэрдзяржава ня можа паказаць сваю няздольнасьць прыняць выклік, кінуты Расеяй».