Чытаем этыкеткі-2: сасіскі доктарскія з фэрацыяністым каліем

Што азначаюць Е зь лічбамі на этыкетках — працягваем аналізаваць склад прадуктаў са спэцыялістам.
Сасіскі ... Ласунак з савецкага дзяцінства, школьны дэлікатэс. Каўбаса доктарская — яшчэ большы дэфіцыт. Сёньня на прылаўках можам сустрэць прадукт, які сумяшчае два ў адным: і сасіскі, і назву ад доктарскай каўбасы.

Пры бліжэйшым разглядзе назва падаецца іранічнай: пры пастаянным ўжываньні гэтага далікатэсу вы маеце вялікі шанец апынуцца на прыёме ў доктара.

Дарэчы, не падумайце, што я супраць прадукцыі канкрэтнага завода. Проста на маю просьбу знаёмыя выбралі і купілі самыя апэтытныя на выгляд сасіскі. Склад прадукту вельмі тыповы для дадзенай катэгорыі мясных вырабаў. Разьбіраем аб’ектыўна.


Поўная назва: «Выраб каўбасны вараны мясны сасіскі доктарскія вышэйшага гатунку астуджаны».

Складнікі:

· Сьвініна
· Ялавічына
· Тлушч-сырэц ялавічны
· Мэлянж
· Малако сухое абястлушчанае
· Сумесь пасолачна-нітрытная (соль ёдаваная, стабілізатар колеру нітрыт натрыю)
· Соль ёдавая харчовая (агент супраць зьлежваньня Е536)
· Комплексная харчовая дабаўка (прыправы і экстракты прыправаў часнок, перац, мушкатавы арэх, кардамон)
· Эмульгатары пірафасфаты, трыфасфаты
· Цукар
· Соль
· Узмацняльнік смаку і водару глютамат натрыю 1 — замешчаны
· Антыакісьляльнік аскарбінавая кіслата
· Комплексная харчовая дабаўка (загушчальнікі: гуаравая камедзь, ксантанавая камедзь)
· Комплексная харчовая дабаўка (загушчальнікі: карагінан, карагінан з водарасьцяў, ксантанавая камедзь, гуаравая камедзь, соль)
· Харчовая дабаўка (цукар, соль, фарбавальнік натуральны кармін)

Такім чынам, мясны выраб налічвае каля 20 складнікаў, у тым ліку 8 штучных дабавак. Спынімся падрабязьней на трох з іх. Але спачатку — кароткае тлумачэньне наконт штучных дабавак, або так званых Е-нумароў.

Е-нумары зьяўляюцца кодамі для рэчываў, якія могуць быць выкарыстаны ў якасьці харчовых дабавак у Эўропе. «Е», дарэчы, абазначае Europe. Ацэнка бясьпекі і зацьвярджэньне дабавак уваходзяць у абавязкі Эўрапейскага ведамства бясьпекі харчовых прадуктаў.

Адзіны сьпіс для штучных харчовых фарбавальнікаў быў упершыню узгоднены ў 1962 годзе. У 1964 да сьпісу дадаліся кансэрванты, у 1970 — антыаксыданты, а у 1974 — эмульгатары, стабілізатары, загушчальнікі і гелеўтваральныя агенты.

Заканадаўства патрабуе, каб дабаўкі і іх функцыі былі выразна пазначаныя ў сьпісе інгрэдыентаў. Вытворца можа выбіраць сам — указваць на этыкетцы поўную назву дабаўкі або толькі яе нумар. E-код азначае, дарэчы, што ён прайшоў выпрабаваньні на бясьпеку і быў ухвалены для выкарыстаньня.

Соль ёдавая харчовая (агент Е536)

На дадзенай этыкетцы вытворца назваў ўсяго толькі адну дабаўку E-кодам: агент супраць зьлежваньня Е536. Магчыма, перавага была аддадзена коду, паколькі альтэрнатыўнае назва гэтага кампанэнта — фэрацыяністы калій. Так, (у азначаных дазволеных межах) фэрацыяністы калій ухвалены да выкарыстаньня ў харчовай прамысловасьці Эўрапейскім ведамствам бясьпекі харчовых прадуктаў. Сам па сабе Е536 моцна таксычны.

Стабілізатар колеру нітрыт натрыю: падвышае рызыку захворваньня на рак тоўстай кішкі

У 2007 годзе быў апублікаваны даклад Сусьветнага фонду дасьледаваньняў раку (WCRF). У гэтым дакладзе былі сабраныя і апрацаваныя вынікі тысяч глябальных дасьледаваньняў. На аснове вынікаў дасьледаваньняў WCRF зрабіў пэўныя высновы і вынес 10 рэкамэндацый, перакладзеных на простую спажывецкую мову. Рэкамэндацыя нумар 5 гучыць наступным чынам:

«Прадукты жывёльнага паходжаньня: абмежаваць спажываньне чырвонага мяса і ўвогуле пазьбягаць спажываньня апрацаванага мяса. Людзі, якія ядуць чырвонае мяса, павінны імкнуцца спажываць менш за 500 г (18 унцый) на тыдзень, пры гэтым пажадана, каб гэтае мяса было падвержана мінімальнай прамысловай апрацоўцы.»

Доказы таго, што спажываньне чырвонага мяса і перапрацаванага мяса могуць выклікаць рак тоўстай кішкі, досыць пераканаўчыя. Адна з тэорый наконт суадносінаў паміж спажываньнем мяса і ўзьнікненьнем раку датычыцца нітрытаў. Нітрыты выкарыстоўваюцца для захаваньня апрацаванага мяса, бо яны надзвычай таксычныя для бактэрый^; яны таксама надаюць мясу пэўны колер і смак. Нітрыты могуць рэагаваць з прадуктамі раскладаньня амінакіслот і ўтвараць так званыя N-нітразлучэньні (нітразаміны ці нітразаміды). Гэтыя злучэньні могуць быць сфарміраваныя ў мясе як падчас апрацоўкі, так і ў арганізьме (асабліва ў страўніку) ад нітрытаў або нітратаў, якія прысутнічаюць у харчаваньні. Некалькі N-нітразазлучэньняў вядомыя як жывёльныя і чалавечыя канцэрагены (рэчывы, якія могуць справакаваць узьнікненьне раку).

Узмацняльнік смаку і водару глютамат натрыю

Глютамат натрыю (E621) уяўляе сабой крышталі або крышталічны парашок белага колеру практычна бяз паху з характэрным смакам.

Добра вядомы так званы «сындром кітайскіх рэстаранаў» (шчодра ўжываецца у кітайскіх харчоўнях), зьвязаны з ужываньнем у якасьці прыправы вялікай колькасьці глютамата натрыю. Гэты сындром выяўляецца ў слабасьці, сэрцабіцьці, страце адчувальнасьці ў вобласьці патыліцы і сьпіны.

Дасьледаваньні паказваюць, што рэгулярнае спажываньне E621 можа выклікаць неспрыяльныя пабочныя эфэкты, такія як мігрэнь, дэпрэсія, пашкоджаньні вачэй, стомленасьць. Акрамя гэтага, кажучы проста, E621 выключае мэханізм насычэньня, з усімі вынікаючымі наступствамі — пераяданьнем, атлусьценьнем.

Іншыя крыніцы глютамату натрыю: булённыя кубікі, хуткарастваральныя супы і локшына, чыпсы, печыва.

Тыя, каго цікавяць такія загушчальнікі як ксантанавая камедзь Е415, могуць прачытаць пра іх у маім ранейшым артыкуле пра ёгурт.

Нягледзячы на вялізную колькасьць кансэрвантаў, тэрмін захоўваньня сасісак доктарскіх усяго 10 дзён.