Уладзімер Колас: Расейскае грамадзтва перайшло ў новую стадыю — змаганьня за аднаўленьне імпэрыі

Уладзімер Колас

Наколькі заканамерна тое, што цяпер адбываецца ў расейскім грамадзтве, у грамадзкай думцы гэтай краіны? Чаму ў Расеі зноў пачынаецца барацьба з іншадумствам, перасьлед дзеячаў культуры і мастацтва, якія не падзяляюць лінію ўлады? На гэтыя пытаньні адказвае беларускі кінарэжысэр Уладзімер Колас.
— Ці было для вас нечаканым тое, што цяпер адбываецца ў грамадзкай думцы Расеі — рэкордны рэйтынг Пуціна, шырокая падтрымка анэксіі Крыма? І тэндэнцыі ў культурным жыцьці — калі тыя прадстаўнікі мастацтва і шоў-бізнэса, якія ня згодныя з афіцыйнай лініяй, фактычна аб’яўляюцца парыямі і «пятай калёнай»?

— Шчыра кажучы, для мяне гэта не было нечым нечаканым. Гэтыя тэндэнцыі назіраліся даўно ў расейскім грамадзтве. Імпэрская мэнтальнасьць падтрымлівалася сродкамі прапаганды, яна пранікла ў мастацтва, культуру. Калі з самога маленства людзей выхоўваюць у імпэрскім духу, то пазбавіцца гэтага адразу немагчыма. А тут людзі і не жадаюць гэтага пазбаўляцца. Таму гэтая сытуацыя з Крымам толькі абвастрыла і зрабіла відавочным тое, што аб’ектыўна існавала даўно.

— Аднак менавіта ў апошнія тыдні і месяцы зьявіліся такія праявы, якіх не было раней. Мы бачым, як выганяюцца з унівэрсытэтаў шаноўныя прафэсары, ня згодныя з агульнай лініяй. Мы бачым, як шальмуюцца ў прэсе дзеячы культуры, якія не жадаюць пагаджацца з афіцыйным курсам. Чаму такую эвалюцыю (ці хутчэй сказаць, дэградацыю) зьведала расейскае грамадзтва за апошнія тыдні?

— Расейскае грамадзтва перайшло рубікон, перайшло ў новую стадыю — адкрытага змаганьня за аднаўленьне імпэрыі. Калі яшчэ ў СССР слова «імпэрыяліст» гучала ганебна, то цяпер у адкрытую «імпэрыя» называецца як нешта станоўчае, як характарыстыка гэтай геапалітычнай прасторы пад назвай Расея. І тыя, хто за імпэрыю — ім даюць станоўчае адценьне.

Але ўсё ж гэта ідзе ў адным пакеце з усімі астатнімі захадамі. Бо імпэрыя ня можа заставацца ў сваіх межах, ёй патрэбна пашырэньне. А для гэтага неабходна мілітарысцкая рыторыка і зьнішчэньне іншадумства, тых, хто супраціўляецца гэтаму пашырэньню. Ну і ня будзем забываць, што на чале гэтай імпэрыі стаіць прадстаўнік КДБ, гэта таксама немалаважна.