Выйшаў альбом «Грамадазнаўства» ад Лявона Вольскага

25 сакавіка на мультылэйбле «Пяршак» моладзевага часопіса 34mag.net пабачыў сьвет альбом Лявона Вольскага «Грамадазнаўства».

Гэта супольная праца нарвэскіх музыкаў Снорэ Бэргэруда, Сіндрэ Скэе і самога Вольскага. Альбом запісваўся ў Вільні, на студыі Ymir Audio.

«Снорэ працаваў у жанры манумэнталізму, — камэнтуе Вольскі гучаньне кружэлкі. — Я не магу вылучыць з альбома нейкую адну „найбольш удалую“ песьню. Яны там усе як камяні ў брукаванцы».

«Гэты альбом больш нагадвае аўтаматную чаргу, кулі якой б’юць па нашых комплексах, страхах і надзеях, — кажуць прадстаўнікі 34mag.net. — „Грамадазнаўства“ адначасова падаецца нам данінай павагі фанатам старога N.R.M. і тлустай рысай, якую Вольскі падводзіць пад прывідным беларускім „сёньня“».

Лявон Вольскі падкрэсьлівае, што гэтым альбомам хацеў выказацца «проста і ясна»: «Я думаю, што скончыўся час кампрамісаў. Час гандлю, прыманьня ўмоваў гульні, унутранага цэнзара і лявіраваньня. Сышоў час эзопавай мовы, схаваных сэнсаў і чытаньня паміж радкамі».

Інтэрнэт-прэзэнтацыя альбома адбылася акурат на Дзень Волі. Спампаваць альбом, як заўжды на мультылэйбле «Пяршак», можна цалкам бясплатна і літаральна за два клікі.

Спампаваць альбом

Пра тое, у якіх умовах ствараўся альбом, можна прачытаць тут