Горадня: «Фаўст» супраць незалежнага журналіста

Алесь Дзянісаў

Гарадзенскага журналіста Алеся Дзянісава сёньня выклікалі ў аддзяленьне міліцыі «Цэнтар», каб азнаёміць з пратаколам. Ён датычыць сюжэту на «Белсаце» пра тэатральную прэм’еру паводле «Фаўста» Гётэ.
Пратакол перададуць у суд, паведамілі ў міліцыі.

Асноўным сьведкам быў галоўны рэжысёр тэатру лялек Алег Жугжда. На падставе ягоных паказаньняў і склалі пратакол на журналіста. Алесь Дзянісаў адмовіўся адказваць на пытаньне, ці рабіўся сюжэт для Белсату. І адмовіўся тлумачыць, як адзьняты матэрыял трапіў на Белсат.

У міліцэйскім пратаколе сьцьвярджаецца:

«А.Дзянісаў, зьяўляючыся ўласным карэспандэнтам польскага спадарожнікавага тэлеканалу Белсат і будучы не акрэдытаваным пры МЗС у якасьці карэспандэнта замежных СМІ, знаходзячыся ў памяшканьні гарадзенскага тэатру лялек, ажыцьцявіў інтэрвіюіраваньне галоўнага рэжысёра А. Жугжды. Пасьля чаго падрыхтаваны рэпартаж 7 лютага быў паказаны ў эфіры тэлеканалу Белсат. Сваімі дзеяньнямі А.Дзянісаў незаконна падрыхтаваў і распаўсюдзіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, чым парушыў заканадаўства аб СМІ РБ».

Алесь Дзянісаў напісаў, што з пратаколам згодны часткова: сапраўды быў у тэатры і размаўляў з Жугждам, але не зьяўляецца ўласным карэспандэнтам Белсату. Ніякіх тлумачэньняў наконт тэлесюжэту ён ня даў.

Пратакол складзены паводле часткі ІІ артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу.