Эўразьвяз хоча пазбавіцца газавай залежнасьці ад Расеі

Эўразьвяз мае намер скараціць залежнасьць ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў, заявіў кіраўнік Рады Эўразьвязу Гэрман ван Ромпэй па выніках двухдзённага саміту кіраўнікоў ЭЗ у Брусэлі.
«Калі мы ня зробім актыўных захадаў сёньня, то праз 10 гадоў расейскія пастаўкі газу і нафты будуць складаць да 80% усяго спажываньня ў ЭЗ», — папярэдзіў удзельнікаў саміту Ромпэй.

«Да 2015 году не павінна застацца энэргетычна ізаляваных краінаў», — гаворыцца ў афіцыйным камюніке.

Зьмяншаць газавую залежнасьць ад Расеі плянуюць за кошт імпарту сланцавага газу з ЗША і павелічэньня долі аднаўляльнай і ядзернай энэргетыкі.

Новая стратэгія зьніжэньня энэргазалежнасьці ад зьнешніх пастаўшчыкоў стала галоўнай на парадку дня перамоваў падчас двухдзённага саміту ў Брусэлі.

Канкрэтны плян дзеяньняў Эўракамісія мае прадставіць да саміту кіраўнікоў ЭЗ у чэрвені.

«Газпром» у 2013 годзе прадаў у краіны ЭЗ 138 мільярдаў кубамэтраў газу — гэта амаль 29% эўрапейскага рынку, адзначае расейскі «Коммерсант».

Зьмяніць сытуацыю дапаможа імпарт сланцавага газу з ЗША, лічыць прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмэран, які заклікаў на саміце ўключыць энэргетыку ў сфэру перамоваў пра стварэньне зоны свабоднага гандлю паміж Эўразьвязам і ЗША.

Скарачэньне залежнасьці ЭЗ ад расейскіх паставак — гэта непазьбежная доўгатэрміновая тэндэнцыя, лічыць расейскі экспэрт Віталь Крукаў з «ІФД — Капіталу»:

«У апошнія гады Эўропа нарошчвае спажываньне вугалю, які па меры разьвіцьця тэхналёгій можа стаць ня менш „чыстым“ відам паліва, чым газ. Значную ролю можа адыграць і разьвіцьцё сеткі газаправодаў унутры ЭЗ. Калі гэтая мера будзе рэалізаваная на практыцы, то рызыкі недапаставак у той ці іншы рэгіён будуць значна зьніжаныя», — заключае экспэрт.

«Паўднёвы паток» можа завесьці ў тупік


У інтэрвію брытанскай Financial Times генэральны дырэктар італьянскай кампаніі Eni Паола Скароні заявіў, што праект газаправоду «Паўднёвы паток», па якім расейскі газ павінен праз Чорнае мора трапляць у Баўгарыю і далей на эўрапейскія рынкі, знаходзіцца пад пытаньнем.

Будучыня яго наўпрост залежыць ад таго, ці змогуць Расея і ЭЗ знайсьці выхад з крымскага крызісу.

Па словах кіраўніка італьянскай кампаніі, калі дамовы дасягнуць ня ўдасца, Эўропа пачне «гіганцкія намаганьні» па дывэрсыфікацыі крыніцаў энэрганосьбітаў, уключаючы распрацоўку сланцавага газу ў Эўропе, павелічэньне экспарту газу зь Лібіі, Альжыру і Нарвэгіі.

У праекце «Паўднёвы паток» Eni належыць 20%. 51% праекту належыць «Газпрому», прыкладна па 15% — францускай EDF і нямецкай Wintershall.