Крымчане, якія атрымаюць расейскія пашпарты, застануцца грамадзянамі Ўкраіны

Чарго людзей у Сэвастопалі, каб атрымаць расейскія пашпарты

Пэўным чынам гэта супярэчыць заканадаўству Украіны, паколькі Украіна не прызнае падвойнага грамадзянства
Украіна прызнае сваімі грамадзянамі крымчанаў, якія атрымаюць расейскія пашпарты. Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў міністар Кабінэту міністраў Астап Семерак.

«Грамадзяне Украіны, якія пад прымусам будуць вымушаныя атрымаць расейскія пашпарты — застаюцца грамадзянамі Ўкраіны. Пэўным чынам гэта супярэчыць заканадаўству Украіны, паколькі Украіна не прызнае падвойнага грамадзянства, але ў гэтай частцы, частцы захопу тэрыторыі Ўкраіны і прымусовай выдачы гэтым людзям, грамадзянам Украіны пашпартоў суседняй дзяржавы намі, гэта прызнаецца», — адзначае Семерак.

У аўторак у Маскве прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў з фактычнымі кіраўнікамі Крыму пагадненьне аб уступе Крыму і Сэвастопаля ў склад Расеі па выніках незаконна праведзенага там рэфэрэндуму. Ён таксама папрасіў парлямэнт Расеі зацьвердзіць гэтую анэксію часткі тэрыторыі Ўкраіны. Масква сьцьвярджае, быццам яе ўварваньне ва Ўкраіну і анэксія Крыму «адпавядаюць міжнароднаму праву».

Большая частка сусьветнай супольнасьці падкрэсьлівае, што дзеяньні Масквы груба парушаюць самі асновы міжнароднага права.