Расейскія акупанты захапілі тры ўкраінскія караблі

Прынамсі тры ўкраінскія караблі, якія стаяць на прычале ў Сэвастопалі, захопленыя прарасейскімі сіламі і расейскімі вайскоўцамі.
Пра гэта заявіў начальнік прэсавай службы Мінабароны Украіны ў Крыме Ўладзіслаў Селязьнёў.

Паводле яго слоў, у момант, калі прарасейскія сілы бралі штурмам судна «Цярнопаль», прылеглую тэрыторыю ачапілі расейскія вайскоўцы. Селязьнёў адзначыў, што тыя, хто нападаў, выкарыстоўвалі сьвятло-шумавыя гранаты, гучалі стрэлы з аўтаматычнай зброі. Акрамя «Цярнопаля» былі захопленыя таксама караблі ВМС Украіны «Луцк» і «Хмяльніцкі». Невядомай застаецца сытуацыя яшчэ на адным судне — «Славуціч».

У чацьвер намесьнік старшыні самаабвешчанага ўрада Крыму Рустам Цяміргаліеў заявіў, што так званыя сілы «самаабароны» кантралююць на паўвостраве больш за палову ўкраінскіх вайсковых частак.