Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн тэрмінова прыляцеў у Польшчу, каб абмеркаваць падзеі ва Ўкраіне

Джо Байдэн

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў у Польшчу з кароткім тэрміновым візытам, паведамляе Польскае радыё. Прычынай сталі апошнія падзеі ва Ўкраіне.
Джо Байдэн правядзе ў Варшаве шэраг сустрэчаў. У прыватнасьці, ён будзе размаўляць і з прэм’ерам Польшчы Дональдам Тускам. Абодва палітыкі зробяць паведамленьне для прэсы па выніках сустрэчы.

А 14 гадзіне паводле польскага часу Байдэн сустрэнецца з польскім прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім. А пазьней мае заплянаваную сустрэчу з прэзыдэнтам Эстоніі Томасам Ільвэсам, які таксама знаходзіцца зь візытам у Варшаве.

Польшча і ЗША маюць цяпер аднолькавую пазыцыю ў дачыненьні да ўкраінскіх падзеяў. Абедзьве краіны не прызнаюць вынікі рэфэрэндуму ў Крыме. ЗША самастойна, а Польшча ў межах ЭЗ учора абвясьцілі пра ўвядзеньне санкцыяў адносна найвышэйшых асобаў Крамля. Абедзьве краіны заявілі, што калі Расея ня спыніць сваю агрэсіўную палітыку, то санкцыі будуць узмацняцца.