Генасамблея ААН правядзе пасяджэньне па Ўкраіне 20 сакавіка

Пра пасяджэньне паведаміла афіцыйная прадстаўніца 68-й сэсіі Генасамблеі Афаф Конджа.
«Старшыня (Генэральнай асамблеі ААН Джон Эш — УНІАН) разаслаў ліст краінам-сябрам з запрашэньнем на пленарнае пасяджэньне, якое пройдзе ў чацьвер 20 сакавіка», — заявіла Конджа.

Паводле яе слоў, пасяджэньне праводзіцца на афіцыйны запыт сталага прадстаўніка Ўкраіны пры ААН Юрыя Сяргеева.

Пасьля таго, як Расея ў мінулую суботу наклала вета на прыняцьце рэзалюцыі супраць рэфэрэндуму ў Крыме ў Радзе Бясьпекі ААН, Кіеў разам са сваімі прыхільнікамі разглядае магчымасьць правядзеньня аналягічнага дакумэнту праз Генасамблею.

Рэзалюцыі Генасамблеі ААН прымаюцца простай большасьцю галасоў. Яны не абавязковыя да выкананьня і носяць выключна рэкамэндацыйны характар.