У Данецку штурмуюць будынак пракуратуры

Павал Губараў

Дзьве тысячы ўдзельнікаў прарасейскага мітынгу ў Данецку штурмуюць будынак пракуратуры Данецкай вобласьці, патрабуючы вызваліць самаабвешчанага губэрнатара Паўла Губарава.
Штурм ідзе пад лёзунгамі «Расея», «Губараў», «Беркут», «Міліцыя з народам». Па інфармацыі агенцтва Інтэрфакс-Украіна, некаторыя ўдзельнікі штурму ўжо ўварваліся ў будынак.

Павал Губараў быў затрыманы 6 сакавіка ў Данецку супрацоўнікамі Службы бясьпекі Ўкраіны. Ён абвінавачваецца паволе артыкулаў «Замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны», «Дзеяньні, накіраваныя на гвалтоўную зьмену ці зьвяржэньне канстытуцыйнага ладу» і «Захоп дзяржаўных ці грамадзкіх будынкаў».

Карыстальнікі сацыяльных сетак зьвярталі ўвагу на тое, што Павал Губараў уваходзіў у праварадыкальную прарасейскую арганізацыю Рускае нацыянальнае адзінства, а пазьней у прарасейскую Прагрэсіўную сацыялістычную партыю Ўкраіны.