Дзьве траціны ўкраінцаў рады, што пазбыліся Януковіча

Віктар Януковіч

56 працэнтаў апытаных грамадзян Украіны лічаць кіраўніком дзяржавы сьпікера Вярхоўнай Рады Алясандра Турчынава.
Больш за дзьве траціны ( 67,2 %) ўкраінцаў станоўча ўспрынялі спыненьне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Віктара Януковіча.

Пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньняў «Цэнтра Разумкова», якія прыводзіць «Українська правда».

Адмоўна адхіленьне Януковіча ўспрынялі 19,6 % рэспандэнтаў.

Большасьць (56,6 %) грамадзян лічаць, што віна за чалавечыя ахвяры падчас акцый пратэсту 18-20 лютага ляжыць на Януковічы і іншых былых высокапастаўленых чыноўніках.

15,6 % апытаных лічаць, што за гэта адказваюць лідэры тагачаснай апазыцыі, 11,8 % — трэцяя сіла, 8,6 % — радыкальныя ўдзельнікі пратэстаў, 1,7 % — міліцыя і іншыя сілавікі.

Выконваючага абавязкі Прэзыдэнта Аляксандра Турчынава лічаць кіраўніком дзяржавы 56 % апытаных. 10% апытаных да гэтага часу лічаць прэзыдэнтам Януковіча.

27,7 % — нікога зь іх , 1,8 % — абодвух адначасова , 4,5 % не змаглі адказаць.

24,2 % апытаных выказалі поўную падтрымку дзейнасьці Турчынава, 36,2 % падтрымліваюць асобныя яго дзеяньні, 32,8 % — не падтрымліваюць .