Беларускія назіральнікі паедуць у Кіеў, але праігнаруюць Сімфэропаль

Па зьвестках украінскіх СМІ, на крымскім рэфэрэндуме, якія самапрызначаныя ўлады паўвыспы прызначылі на 16 сакавіка, ня будзе ня толькі міжнародных назіральнікаў, а нават прадстаўнікоў ад СНД.
У прыватнасьці, Беларусь і Казахстан нібыта адмаўляюцца дасылаць ў Сімфэропаль сваіх назіральнікаў за выбарамі.

З прычыны выходных у Беларусі спраўдзіць такую інфармацыю ў Цэнтарвыбаркаме не ўдалося. Раней там пацьвярджалі, што пры ўмове запрашэньня на прэзыдэнцкія выбары 25 траўня група назіральнікаў выправіцца ў Кіеў, аднак пра магчымасьць удзелу ў рэфэрэндуме 16 сакавіка нічога не паведамлялася.

Напярэдадні самапрызначаны прэм’ер Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што запросіць на рэфэрэндум толькі тых назіральнікаў, якім асабіста ён давярае. Іншымі словамі, расейскіх.