Эўразьвяз распачаў сэрыю санкцыяў супраць Масквы

Прэзыдэнт Эўрапейскага Зьвязу Герман ван Ромпэй заявіў, што ЭЗ перапыняе перамовы з Расеяй аб візах і супрацоўніцтве і разгледзіць пытаньне аб замарожаньні актываў і візавых забаронах, калі расейскі ўрад «найбліжэйшымі днямі» не пачне перамовы з украінскімі ўладамі.

Выступаючы ў чацьвер увечары, ван Ромпэй зазначыў, што перамовы паміж Масквой і Кіевам у справе вырашэньня ўкраінскага крызісу мусяць прынесьці вынікі ў «найкарацейшыя тэрміны». Ён паведаміў, што сёньня лідэры краінаў ЭЗ на пазачарговым саміце ў Брусэлі пагадзіліся на трохступенчатую сэрыю санкцыяў, пачынаючы ад неадкладнага спыненьня размоваў.

Ван Ромпэй заявіў, што Расею можа чакаць «шырокі спэктар эканамічных санкцыяў», калі яна будзе надалей дэстабілізаваць сытуацыю ва Ўкраіне.