Памёр былы вязень ГУЛАГу Юрась Дубовік

Былы вязень ГУЛАГу Юрась Дубовік. Фота represii-by.info

Сёньня ноччу ў Салігорску памёр беларускі дзеяч, былы вязень ГУЛАГу Юрась Дубовік.
Пра гэта Свабодзе паведаміў ягоны сябра Аляксандар Харытон з Краснага. Апошнім часам Юрась Дубовік шмат хварэў.

Юрась Дубовік — адзін з адраджэнцаў беларускага школьніцтва ў Маладэчне пад нямецкай акупацыяй, стваральнік і кіраўнік Саюзу беларускай моладзі ў Красным.

Дзяцінства і юнацтва Юрася Дубовіка прайшло ў Заходняй Беларусі, акупаванай Польшчай. Падчас Другой сусьветнай вайны Юрась браў актыўны ўдзел у стварэньні беларускай школы. У 1943 годзе ён арганізаваў і ўзначаліў філію «Саюзу беларускай моладзі».

10 ліпеня 1944 году, пасьля вяртаньня савецкіх войскаў, Юрася затрымалі. 10 гадоў ён адбыў у ГУЛАГу.

Пасьля вызваленьня перасьледаваўся КДБ за беларушчыну. У 2006 годзе пабачыла сьвет ягоная кніга «Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі».