БНФ заклікае беларусаў да салідарнасьці з Украінай

«У апошнія некалькі дзён мы з вамі назіраем драматычныя падзеі, якія зусім нядаўна нават не маглі сабе ўявіць — Расейская Фэдэрацыя распачала вайсковую агрэсію супраць Украіны. Расея парушыла мір у нашым рэгіёне, які існаваў дзесяцігодзьдзямі.

Рэжым Уладзімера Пуціна паставіў пад пагрозу жыцьці як грамадзянаў незалежнай Украіны, так і грамадзянаў Расеі выключна дзеля ажыцьцяўленьня вар’яцкіх плянаў пашырэньня межаў сваёй улады. Напад на Ўкраіну суправаджаецца той жа рыторыкай, зь якой Гітлер ажыцьцяўляў аншлюс Аўстрыі і захоп Чэхаславаччыны ў 1938 годзе.

Разам з вайсковай агрэсіяй Расея распачала супраць Украіны нечуваную ў сваёй подласьці і цынізьме інфармацыйную вайну. Дзяржаўныя і блізкія да Крамля расейскія СМІ распаўсюджваюць цалкам хлусьлівыя зьвесткі пра падзеі ва Ўкраіне, распальваюць антыўкраінскую гістэрыю», — паведамляецца ў звароце.

Як зазначае Партыя БНФ, для сваёй агрэсіі «Расея выбрала момант, калі ўкраінская нацыя і ўкраінская дзяржава шмат сілаў і рэсурсаў павінны аддаваць на перабудову сваёй дзяржаўнай сыстэмы пасьля цяжкога ўнутранага палітычнага супрацьстаяньня»:

«Момант, калі краіна, аслабленая гадамі нечуванай карупцыі былога найвышэйшага кіраўніцтва дзяржавы, толькі пачынае будаваць новую, празрыстую для грамадзянаў сыстэму ўлады. Момант, калі былы прэзыдэнт уцёк з краіны і абвешчаныя датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Удар нанесены ў момант, калі грамадзяне Ўкраіны — украінцы, расейцы, беларусы ды іншыя — адстаялі сваё права і годнасьць звацца людзьмі, адстаялі шанец пабудаваць новую, сапраўды дэмакратычную, адкрытую, вольную і заможную Ўкраіну.

Але спадзяваньні Крамля правесьці ва Ўкраіне імклівы бліцкрыг ня спраўджваюцца. Украінскія вайскоўцы ў Крыме не здаюцца расейскім акупацыйным войскам і захоўваюць вернасьць прысязе. Украінскія грамадзяне розных нацыянальнасьцяў дэманструюць салідарнасьць і цьвёрдую волю захаваць свабоду, незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць сваёй краіны. Увесь вольны сьвет салідарны з народам Украіны. Шматтысячныя мітынгі ў падтрымку Ўкраіны адбываюцца ад Эстоніі да Канады.

Мы, беларусы, павінны сёньня падтрымаць нашых братоў украінцаў у гэты цяжкі і драматычны час. Наша салідарнасьць з братнім народам Украіны можа дапамагчы спыніць агрэсію, можа дапамагчы выстаяць».

БНФ заклікае беларусаў выказаць падтрымку ўсім сваім знаёмым ва Ўкраіне, накіраваць у амбасаду Ўкраіны ў Менску ліст з выказваньнем падтрымкі народу Ўкраіны, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці ўкраінскай дзяржавы, накіраваць у амбасаду Расеі ў Менску ліст з патрабаваньнем неадкладна спыніць агрэсію і вывесьці ўсе расейскія войскі з тэрыторыі Ўкраіны, цалкам байкатаваць любыя тавары расейскай вытворчасьці і расейскія аўтазапраўкі, тэлеканалы, насіць на вопратцы стужкі колераў украінскага сьцяга, праводзіць размовы зь як мага шырэйшым колам сваякоў, сяброў, знаёмых, калегаў па працы, распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Ўкраіне.