У Крыме прызначылі рэфэрэндум на 25 траўня

Парлямэнт Крыма прызначыў рэфэрэндум пра пашырэньне паўнамоцтваў аўтаноміі на 25 траўня.
Яшчэ адным рашэньнем парлямэнт адправіў у адстаўку ўрад аўтаноміі, перадае Інтэрфакс.

Вярхоўная Рада Крыма прызнала дзейнасьць Савету міністраў Крыма за 2013 па выніку яго справаздачы ў цэлым нездавальняльнай, а таксама ў сувязі з гэтым выказала недавер крымскаму ўраду .

Раней старшыня крымскага парлямэнту Ўладзімер Канстанцінаў казаў, што Вярхоўная Рада Аўтаномнай Рэспублікі Крым павінна разгледзець пытаньне пра рэфэрэндум.

Ён запэўніў, што крымскі парлямэнт працягвае працаваць у штатным рэжыме, нягледзячы на падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне і Крыме:

«Сытуацыя застаецца напружанай. Учора быў справакаваны канфлікт. Радыкальныя элемэнты не далі нам правесьці пазачарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады. Сёньня я сваім рашэньнем арганізаваў пазачарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады, на якім мы будзем абмяркоўваць найбольш актуальныя пытаньні на сёньняшні дзень для аўтаноміі».