Сьпікер крымскай рады плянуе рэфэрэндум

Вярхоўная Рада Аўтаномнай Рэспублікі Крым павінна разгледзець пытаньне пра рэфэрэндум. Пра гэта ў відэазвароце паведаміў старшыня крымскага парлямэнту Ўладзімер Канстанцінаў.
«Будзе вынесена два пытаньні — пра правядзеньне Ўсекрымскага рэфэрэндуму 25 траўня пра пашырэньне паўнамоцтваў АРК. Пытаньне другое — пра эканамічную сытуацыю ў Крыме і справаздачу ўраду. Мы плянуем разгледзець гэтыя пытаньні, каб задаволіць патрабаваньні тых людзей, якія сёньня, абураючыся, ходзяць па вуліцах і ня бачаць далейшай пэрспэктывы», — паведаміў Канстанцінаў.

Ён запэўніў, што крымскі парлямэнт працягвае працаваць у штатным рэжыме, нягледзячы на падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне і Крыме:

«Сытуацыя застаецца напружанай. Учора быў справакаваны канфлікт. Радыкальныя элемэнты не далі нам правесьці пазачарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады. Сёньня я сваім рашэньнем арганізаваў пазачарговае пасяджэньне Вярхоўнай Рады, на якім мы будзем абмяркоўваць найбольш актуальныя пытаньні на сёньняшні дзень для аўтаноміі».



Відэа апублікаванае на ўкраінскім рэсурсе «Цэнтар журналісцкіх расьсьледаваньняў».