НАТА падтрымае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны

НАТА «будзе падтрымліваць сувэрэнітэт, незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і прынцып непарушнасьці межаў» Украіны.
Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве па сытуацыі ва Ўкраіне, прынятай на сустрэчы міністраў абароны НАТА ў Брусэлі.

«Незалежная, сувэрэнная і стабільная Ўкраіна, цьвёрда прыхільная да дэмакратыі і прынцыпу вяршэнства закону, зьяўляецца ключавым фактарам Эўраатлянтычнай бясьпекі. У адпаведнасьці з Хартыяй аб партнэрстве паміж Украінай і НАТА саюзьнікі па НАТА будуць працягваць падтрымліваць сувэрэнітэт, незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць і прынцып непарушнасьці межаў Украіны. Гэтыя прынцыпы застаюцца базавымі для стабільнасьці і бясьпекі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, а таксама на кантынэнце ў цэлым», – адзначаецца ў заяве.

«Мы працягваем пільна сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ва Ўкраіне і шкадуем аб трагічнай гібелі людзей», – працягнулі кіраўнікі абаронных ведамстваў альянсу. НАТА лічыць, што гвалт ва Ўкраіне ўжо спынены і вітае той факт, што гэта «адбылося шляхам перамоваў».

Альянс падкрэсьлівае «неабходнасьць працягу палітычнага працэсу ў краіне з удзелам усіх сіл, павагай да правоў чалавека, да ўсіх меншасьцяў і рэлігіяў пры захаваньні прынцыпу вяршэнства закону, які адпавядае памкненьням народа Ўкраіны». НАТО таксама ў чарговы раз вітала нэўтралітэт украінскай арміі ў пэрыяд беспарадкаў і падкрэсьліла важнасьць ўзмацненьня «грамадзянскага, дэмакратычнага кантролю», а таксама фармаваньне эфэктыўнага парлямэнцкага нагляду за войскам і сіламі бясьпекі, пры актыўным удзеле грамадзянскай супольнасьці.

Міністры абароны НАТА ніяк не пракамэнтавалі сытуацыю ва Ўсходняй Украіне і Крыму пасьля зьмены ўлады ў Кіеве. Раней сёньня адказваючы на пытаньні журналістаў аб тым, ці стала ўжо Ўкраіна бліжэй да ўступленьня ў НАТА, генэральны сакратар альянсу Андэрс Фог Расмусэн адзначыў, што «дзьверы альянсу застаецца адкрытыя», але дадаў, што ў Кіева сёньня ёсьць «больш надзённыя праблемы», якія патрабуюць рашэньня, чым пытаньне аб уступленьні ў НАТА.

Сёньня а 15:00 павінна была пачаць працу пазачарговая сэсія парлямэнту Крыму, на якой прарасейскія дэпутаты зьбіраліся падняць пытаньне аб аддзяленьні Крыму ад Украіны. Пазьней сьпікер Рады Крыму Віктар Канстанцінаў абверг інфармацыю аб падрыхтоўцы такога рашэньня. Сэсію адмянілі.