Менскае мэтро не працавала ў гадзіну «пік» — шукалі «невядомыя прадметы»

Людзі выходзяць з Кастрычніцкай станцыі

Амаль дзьве гадзіны надвячоркам 26 лютага ў мэтро шукалі невядомыя прадметы, а людзі былі вымушаны карыстацца наземным транспартам або ісьці пешшу. Пад 18-ю гадзіну дзьверы падземкі зноў адчынілася, але ўсіх пасажыраў на ўваходзе надглядаюць.
17:40 Менскае мэтро аднаўляе працу.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў запускаюць пасажыраў на станцыі, аднак праводзяць працэдуру стараннага надгляду.

Менская міліцыя абяцае неўзабаве выступіць з аіфцыйным тлумачэньнем сытуацыі.

17:30 У сацыяльных сетках зьяўляюцца паведамленьні, што на розных станцыях мэтро працуюць сапёрныя групы.

16:00 На маршруты грамадзкага транспарту па лініі мэтро дадаткова вывелі 55 аўтобусаў, 48 тралейбусаў, 6 трамваяў, 100-ты маршрут аўтобуса падоўжаны да Ўручча, паведамляе БЕЛТА з спасылкай на прэсавую службу Менгарвыканкаму.

Чарга на прыпынку грамадзкага транспарту


Паведамленьне пра тое, што мэтро не працуе




15:06 Наш карэспандэнт паведаміў, што адбываецца эвакуацыя людзей са станцыі мэтро Кастрычніцкая.

Прэс-сакратар упраўленьня МНС па Менску Віталь Дэмбоўскі паведаміў, што на нумар 101 паведамленьянў пра здарэньні ў мэтро не паступала.

Паведамляецца, што на станцыях шмат супрацоўнікоў міліцыі, уваходы перакрытыя.

Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі: «Паступіла інфармацыя, што на некаторых станцыях мэтро могуць знаходзіцца неапазнаныя прадметы. Для таго, каб максымальна хутка, апэратыўна і дакладна праверыць гэтую інфармацыю, было прынята рашэньне спыніць працу станцый мэтрапалітэна, забясьпечыўшы іх працу толькі на выхад пасажыраў. Зараз адбываюцца апэратыўныя мерапрыемствы. Спадзяемся, што праца мэтрапалітэна хутка ўзновіцца».