Гомель. На адзін мандат у Палату — пяць прэтэндэнтаў

У Навабеліцкім раёне Гомеля разам з выбарамі ў мясцовыя саветы сёлета праводзяцца й паўторныя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў.
Справа ў тым, што ў 2012 годзе жыхары Навабеліцы тут ня здолелі — дакладней не схацелі — абраць свайго дэпутата ў вышэйшы заканадаўчы орган. Праўладны кандыдат сышоў з дыстанцыі, бо быў замешаны ў карупцыйным скандале. Дэмакратычны прадстаўнік зьняўся з парляменцкіх выбараў з прычыны адмовы партыі ўдзельнічаць у іх, паколькі ў выбарчых камісіях па сутнасьці не было яе вылучэнцаў, а ў турмах сядзелі палітвязьні. За прадстаўніка Лібэральна-дэмакратычнай партыі людзі проста не прагаласавалі — супраць выказаліся каля 70 адсоткаў жыхароў Навабеліцы, што прыйшлі на выбарчыя ўчасткі.

Гэтым разам у барацьбу за дэпутацкі мандат уступілі ў Навабеліцкай акрузе № 36 пяцёра прэтэндэнтаў: сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, пэнсіянэр МУС Уладзімер Няпомняшчых, дацэнт Міжнароднага ўнівэрсытэту МІПСА, сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Віктар Хоміч і трое беспартыйных — урач-тэрапэўт Алена Астапюк, школьная выкладчыца ангельскай мовы Вольга Судакова і намесьнік дырэктара па гаспадарчай дзейнасьці дзіцяча-юнацкай спартовай школы алімпійскага рэзэрву Мікалай Шкірэеў.

Зьбіралі подпісы дзеля вылучэньня кандыдатамі й групы сябра руху «За свабоду» Галіны Краўчанкі і сустаршыні «Маладога фронту» Андруся Цянюты. Аднак акруговая камісія не зарэгістравала іх, выявіўшы ў падпісных лістах багата хібаў. Кіраўнік адной з ініцыятыўных групаў, падпісваючыся за свайго вылучэнца, няправільна ўказаў нумар свайго пашпарта.

У сваю чаргу дзейныя кандыдаты ня могуць распачаць паўнавартасную агітацыйную кампанію. Па словах Уладзімера Няпомняшчых, не надрукаваны пакуль агітацыйныя ўлёткі.