Бяляцкі, Бураўкін, Галубовіч і Казько атрымалі «Залатыя апострафы»

Часопіс «Дзеяслоў» абвесьціў ляўрэатаў прэміі «Залаты Апостраф».
Прэмію за ўнёсак у беларускую літаратуру атрымаў Генадзь Бураўкін.

У намінацыі «non-fiction» уганаравалі палітвязьня Алеся Бяляцкага за артыкул «Дзяды былі з намі».

«Зьняволеньне ў Бабруйску не перашкаджае ягонай працы. Алесь заслужыў гэтую ўзнагароду. Гэта адзначэньне ягонай працы ў тых няпростых умовах, у якіх ён знаходзіцца», — заявіў Барыс Пятровіч, рэдактар «Дзеяслова». Узнагароду атрымала жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.

У намінацыі «проза» найлепшым прызнаны Віктар Казько за два апавяданьні пад агульным загалоўкам «Вечны покліч вады».

За нізку вершаў-зацемак «Залаты апостраф» атрымаў Леанід Галубовіч.

Літаратурная прэмія «Залаты апостраф» заснаваная ў 2003 годзе рэдакцыяй часопіса «Дзеяслоў», аўтары якога і становяцца намінантамі.

Радыё Свабода вяло жывую відэатрансьляцыю з цырымоні ўручэньня прэміі.