Амэрыканскі газ падарве геапалітычны ўплыў Расеі?

Кампанія Chevron вядзе пошукі сланцавага газу на паўднёвым усходзе Польшчы

Сланцавая рэвалюцыя ў ЗША дазволіць Вашынгтону аслабіць уплыў Расеі на яе суседзяў.
Гэтак мяркуе брытанскі журналіст Эдвард Льюс, які ў апошнім выданьні The Financial Times піша пра меркаваныя зьмены на палітычнай сцэне і энэргетычным рынку сьвету ў выпадку, калі ЗША вырашаць экспартаваць свой сланцавы газ.

Прапануем вам пазнаёміцца з фрагмэнтамі згаданага артыкулу Эдварда Льюса, які ў арыгінале называецца «У Расею зь любоўю: моцны энэргетычны рычаг Абамы».

«Дзе Уладзімір Пуцін знайшоў 50 мільярдаў даляраў на Алімпійскія гульні ў Сочы? Спытайце пра гэта Украіну, Нямеччыну і іншых кліентаў «Газпрому». Даходы ад экспарту расейскага газу дазволілі спадару Пуціну весьці яго зьнешнюю палітыку і аплаціць самую раскошную ўрачыстасьць у гісторыі Алімпійскіх гульняў. У Амэрыцы няма аналягаў «Газпрому». Аднак энэргетычная рэвалюцыя ў ЗША стала тым геапалітычнай посьпехам, які дазволіць Вашынгтону аслабіць уплыў Расеі на яе суседзяў. Яна можа аказацца тым чыньнікам, які кардынальна зьменіць ход гульні і якім Барак Абама яшчэ пасьпее скарыстацца да заканчэньня свайго прэзыдэнцкага тэрміну.

Матэматыка, якая ляжыць у аснове амэрыканскай сланцавай рэвалюцыі, бясспрэчная. Рэзэрвы, адкрытыя дзякуючы тэхналёгіі гідраўлічнага разрыву за апошнія пяць гадоў, дазволілі рэзка зьнізіць цэны на амэрыканскі прыродны газ да 4 даляраў за мільён брытанскіх цеплавых адзінак. Гэта менш адной траціны ад той цаны, якую плацяць «Газпрому» за газ большасць яго эўрапейскіх пакупнікоў. І гэта менш за адну пятую ад цаны газу на большай частцы Азіі, уключаючы Кітай. (...) Цяпер у ЗША зьявілася дастатковая колькасьць сланцу, каб краіна стала новай газавай Саудаўскай Арабіяй, а таксама каб яна абагнала Саудаўскую Арабію па здабычы нафты ўжо да канца гэтага дзесяцігодзьдзя.

Інвэстыцыі ў амэрыканскі сланцавы газ – гэта фактычна ліцэнзія на друкаваньне грошай: гаворка ідзе аб велізарных запасах і неабмежаваным попыце. На мінулым тыдні адміністрацыя Абамы ўхваліла экспарт звадкаванага прыроднага газу з шостага тэрміналу. Першы тэрмінал, які належыць кампаніі Cheniere Energy з Х’юстану, павінен пачаць сваю працу па адпраўцы газу ў Вялікабрытанію, Гішпанію і іншыя краіны ўжо ў 2015 годзе. Дзясяткі іншых кампаній таксама падалі заяўкі на экспартныя ліцэнзіі і дазвол на будаўніцтва тэрміналаў. І нават з улікам выдаткаў на звадкаваны газ і яго транспарт праз Атлянтычны акіян, цэны на амэрыканскі газ усё роўна будуць істотна ніжэйшыя за цэны на расейскі газ. Устойліва высокі попыт на прыродны газ назіраецца ў Індыі, дзе не хапае сваіх прыродных рэсурсаў; у Японіі, дзе пасьля аварыі на атамнай станцыі ў Фукусіме ядзерная прамысловасьць перастала існаваць; і ў Нямеччыне, якая закансэрвавала пляны на будаўніцтва атамных станцый.

Як толькі караблі пачнуць перавозіць газ, на сусьветным энэргетычным рынку адбудуцца сур’ёзныя зьмены. (...)

Як усё гэта паўплывае на спадара Пуціна і яго калегаў? Усім ужо даўно добра вядома, што нафтааўтакратыі, як правіла, узмацняюць кантроль за ўнутранай палітыкай, калі цэны на энэргарэсурсы трымаюцца на высокім узроўні, і больш ахвотна ідуць на кампрамісы, калі цэны зьніжаюцца. У ЗША цяпер зьявілася магчымасьць аказаць магутны ўплыў на сусьветныя цэны на энэргарэсурсы і адкрыць сваім сябрам і саюзьнікам альтэрнатыўныя лініі паставак. Галоўная паслуга, якую спадар Абама можа аказаць грамадзянам Расеі і яе суседзям, заключаецца ў тым, што ён здольны дапамагчы энэргетычнай рэвалюцыі ахапіць увесь сьвет. Такія зьмены пойдуць на карысьць усім.