Ці замахнецца Домрачава на залаты дубль?

14 лютага — «беларускі дзень» на Алімпіядзе-2014 у Сочы: спартоўцы зь Беларусі будуць змагацца за ўзнагароды адразу ў чатырох відах спаборніцтваў з шасьці заяўленых. Праўда, шанцы зачапіцца за мэдалі маюцца хіба што ў біятлёне, у астатніх дысцыплінах яны расцэньваюцца як прывідныя.
Несумненна, асноўная ўвага заўзятараў і адмыслоўцаў будзе прыкаваная да індывідуальнай біятлённай гонкі на 15 кілямэтраў з удзелам трыюмфатаркі «пагоні» Дар’і Домрачавай.

Чатыры гады таму ў канадзкім Ванкувэры менавіта гэтая дысцыпліна стала галоўнай пастаўшчыцай мэдалёў у скарбонку нацыянальнай зборнай: Домрачава тады заваявала бронзу, а Сяргей Новікаў падзяліў срэбра з Оле Эйнэрам Б’ёрндаленам. Напярэдадні Новікаву паўтарыць подзьвіг не ўдалося і ён фінішаваў 54-м, але Домрачава мае намер як мінімум трапіць у прызы.

На гэтую трасу выйдуць яшчэ тры беларускія біятляністкі: Надзея Скардзіна, Людміла Калінчык і Надзея Пісарава. Пачатак тэлевізійнай трансьляцыі — а 17-й гадзіне.

Сёньня пачынаюць барацьбу прадстаўнікі яшчэ аднаго стратэгічнага для беларусаў віду спорту — фрыстайлу. Яшчэ ніводнага разу «лыжнікі-летуны» не вярталіся зь зімовых Алімпіядаў без узнагародаў, і першае золата на «белых гульнях» было здабыта менавіта ў гэтай дысцыпліне.

Такім чынам, у экстрым-парку «Роза-хутар» стартуюць кваліфікацыйныя скачкі ў лыжнай акрабатыцы, першымі на старт выйдуць жанчыны. Барацьбу за выхад у фінал павядуць дзьве спартоўкі — Ала Цупер, для якой гэта ўжо пятая Алімпіяда, і дэбютантка спаборніцтваў Ганна Гуськова. Пачатак а 16:45.

Ну, і ня трэба скідваць з рахункаў іншыя нумары праграмы, хоць беларусам, дзеля справядлівасьці, ад пачатку тут адводзіцца роля статыстаў. У гарналыжнай супэркамбінацыі выступіць Юры Данілачкін, а ў лыжных гонках на 15 кілямэтраў клясычнім стылем на старт выйдуць адразу тры беларусы — Сяргей Далідовіч, Міхаіл Сямёнаў і Аляксандар Лазуткін.

Апроч таго, алімпійскія прызэры вызначацца ў скелетоне і мужчынскім фігурным катаньні. У апошняй дысцыпліне — сапраўднае расчараваньне для расейскіх заўзятараў: двухразовы алімпійскі чэмпіён Яўген Плюшчанка, на якога ў Расеі ўскладаліся асаблівыя спадзяваньні, зьняўся з кваліфікацыйных спаборніцтваў, спаслаўшыся на востры боль у сьпіне. Заля праводзіла свайго ўлюбёнца авацыямі, а інтэрнэт-карыстальнікі абрынуліся з крытыкай на адрас трэнэраў, якія, маўляў, няшчадна яго эксплюатавалі. Неўзабаве пасьля гэтага фігурыст абвясьціў пра завяршэньне спартовай кар’еры.

Яўген Плюшчанка пасьля рашэньня пра заканчэньне спартовай кар’еры