CNN выбачылася за абразу берасьцейскага помніка

Амэрыканская тэлекампанія CNN выбачылася за тое, што ўключыла беларускі помнік «Мужнасьць», элемэнт мэмарыяльнага комплексу абаронцам Берасьцейскай крэпасьці, у сьпіс самых выродлівых помнікаў сьвету.
Рэдакцыя прызнала, што абразіла пачуцьці жыхароў Беларусі, адзначаецца сайце тэлекампаніі:

«Гэта было зроблена ненаўмысна, мы просім прабачэньня ... CNN прызнае, што для многіх людзей — гэта ўрачысты помнік у гонар загінулых салдат», — заявілі ў адмысловым запісе на сайце CNN. Тым не меней у фотагалерэі беларускі помнік застаўся.

Манумэнт «Мужнасьць» апынуўся на другім месцы рэйтынгу пасьля югаслаўскіх помнікаў ахвярам Першай і Другой сусьветных войнаў. Таксама ў сьпісе — помнік ахвярам трагедыі 11 верасьня 2001 года аўтарства Зураба Цэрэтэлі — «Сляза смутку», помнік у гонар заснаваньня Карэйскай працоўнай партыі і помнік Майклу Джэксану ў Лёндане.