Імавернасьць «малочнай вайны» даволі высокая, – экспэрт

Міхал Залескі

Расія можа ўвесьці пэўныя захады адносна беларускай малочнай прадукцыі для аховы рынку ад нядобрасумленнай канкурэнцыі, заявіў сёньня віцэ-прэм'ер Расеі Аркадзь Дварковіч.
Ці можа справа дайсьці да новай малочнай вайны паміж Беларусьсю і Расеяй? Ці падвысіцца цана на малако ў самой Беларусі ў выпадку, калі Менск будзе вымушаны пайсьці на выкананьне расейскіх умоваў у гэтай сфэры? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

Цыганкоў: Пагрозы расейскіх афіцыйных асобаў, прадстаўнікоў і лябістаў расейскай малочнай прамысловасьці мы чуем ня першы год. Але зараз з крытыкай выступіў чыноўнік даволі высокага рангу, віцэ-прэм’ер Дварковіч. Наколькі на гэты раз рэалістычныя гэтыя пагрозы?

Залескі: Яны могуць спраўдзіцца, бо Дварковіч, відаць, моцна закрануты падзеямі вакол калійнага бізнэсу, да якога ён мае ўскоснае дачыненьне. І сваю крыўду ён можа паспрабаваць рэалізаваць – тым болей, што падставы для гэтага ёсьць. Малако наша файнае, але ў ім можна знайсьці антыбіётыкі ў вялікай колькасьці.

Цыганкоў: Але звычайна беларускі бок пераводзіць гэтую тэму ў палітычнае поле, і такім чынам адбіваецца да націску Расеі. Ці ўдасца гэта цяпер?

Залескі: Тут беларускае кіраўніцтва сапраўды будзе са скуры вылузвацца, бо намецілася такая пэрспэктыўная лінія атрыманьня валюты праз малако. Будзем павялічваць экспарт малочных прадуктаў у Расею – а яны вось чамусьці гэтага ня хочуць.

Цыганкоў: Калі ўсё ж патрабаваньні расейскага боку давядзецца выконваць – ці адаб’ецца гэта на кошце беларускага малака ўнутры краіны?

Залескі: Гэтыя тэмы не зусім зьвязаныя. Бо эфэктыўнага падаражэньня, якое кампэнсуе страты ад экспарту, зрабіць немагчыма – бо народ гэта ня ўспрыме. У «сацыяльна арыентаванай» дзяржаве гэта будзе ўспрынята як жорсткі наезд. Іншая рэч – будуць весьціся пошукі дадатковых рынкаў, і будзе больш экспартавацца сухое абястлушчанае малако. Так што калі расейцы будуць блякаваць пастаўкі малака, зьменіцца намэнклятура паставак.

Цыганкоў: Пагроза «малочнай вайны» ўзьнікае ўжо ня першую вясну, але апошнія гады паўнамаштабнага канфлікту на гэтым фронце ўдавалася пазьбегнуць. Які ваш прагноз на гэты год?

Залескі: Цяпер сытуацыя крыху адрозьніваецца, бо ўзровень расейскай атакі значна вышэйшы. Тыя разы яны дзейнічалі праз Анішчанку, які агучваў пажаданьні малочных вытворцаў Расеі. А цяпер ужо даволі рэзкую заяву зрабіў віцэ-прэм’ер Дварковіч. Так што імавернасьць «малочнай вайны» даволі высокая.