Мэню для троля

Уражаньні расейскага блогера Ільлі Варламава ад Менску «парвалі», як цяпер прынята казаць, Байнэт. Рэакцыя стала цікавым тэстам.

Беларуская сталіца маскоўскаму госьцю не спадабалася, пра што ён і распавёў:

«У Менску сапраўды ёсьць і плітачка, і веласьцежкі, і нават месцамі чыста. У адрозьненьне ад усіх іншых былых савецкіх гарадоў, Менск так і ня стаў былым... Менск так і застаўся ў саўку... Менск падобны на вялікую вайсковую частку. Салдаты спраўна мятуць пляц, фарбуюць гуму ў ваеннай тэхнікі і нават манікюрнымі нажніцамі стрыгуць газоны, але калі бачыш усю гэтую прыгажосьць, узьнікае адчуваньне, што „нешта ня так“... Галоўная вуліца Менску. Незразумела, чаму на ёй няма дрэваў. Няўтульна. Не люблю я ўсё гэтае савецкае горадабудаўніцтва... Менск шэры, дэпрэсіўны горад з запалоханымі забытымі жыхарамі. У горадзе няма нармальных кавярняў і рэстаранаў, зусім няма гатэляў. Цікава, што адчуваюць замежнікі, якія тут упершыню апынаюцца?»

Ну і далей у такім самым стылі.

Але нават ня гэта выклікала абурэньне насельнікаў беларускага сэгмэнту Фэйсбуку. А тое, што дзясяткі менчукоў прыйшлі паслухаць «арбітра элегантнасьці» з «самой Масквы» і з захапленьнем лавілі ягоныя даволі крыўдныя ацэнкі свайго гораду. Байнэт і пакрыўдзіўся. І на спадара Варламава, а яшчэ больш на суайчыньнікаў, якія не далі адпор, не абаранілі гонар роднай сталіцы і прадэманстравалі ганебную правінцыйнасьць. Ну вось першае, што пад руку патрапіла:

Якая глыбокая правінцыйнасьць — ісьці, слухаць прыезжых блогераў, якія «адкрыюць нам вочы» на Менск... зоркі са сталіцы прыехалі ў госьці да абарыгенаў расказаць ім, якія яны шэрыя.

Вось ён, напышлівы прадукт грамадзтва спажываньня, крыўляецца перад беларусамі. Ён цынічны і самазадаволены. Ён можа сказаць усё што заўгодна, любую ерась, і яму будуць пляскаць у ладкі захопленыя фанаты мяшчанскай субкультуры. Ён можа абразіць народ, культуру, беларускую гасьціннасьць — і як з гусака вада. Вораг ужо на парозе.

Калегі, гэта суровая рэчаіснасьць каляніяльнай дзяржавы.

Вельмі пляскаты і павярхоўны погляд на Менск. Снабізм аўтара мяжуе з пошласьцю.


Каюся, дагэтуль пра сусьветную славу Ільлі Варламава нічога ня ведаў. Знаўцы кажуць, што не такі ўжо ён «гросмайстэр О.Бэндэр», здольны зрабіць уражаньне адно на васюкоўскіх аматараў. У ягонага блога — 3 мільёны наведнікаў у дзень.

Але і што? На што ён сам разьлічваў, раздаючы свае ацэнкі? Што менчукі — мазахісты? Я мяркую, што на хвалю крыўдаў, крыкаў, адказаў у стылі «а ты на сваю Маскву паглядзі», ён і разьлічваў. У якіх правінцыйнасьці ня менш, чым у жаданьні паслухаць ягоныя ўражаньні. І нашто карміць троля?

Тут нават справа не ў справядлівасьці ці несправядлівасьці ацэнак расейскага блогера. Сваё — яно дарагое і мілае найперш тым, што сваё, што гэта тваё жыцьцё, дзяцінства, юнацтва, што гэты горад прасякнуты табой, што ён у пэўным сэнсе і ёсьць ты. І агрэсіўныя спробы даказаць, што ён і аб’ектыўна добры і прыгожы, што ім і падарожнік мусіць захапляцца — як раз ад сумневаў, ад патрэбы даказаць, і не спадару Варламову, а самому сабе, што ня горшы за іншыя, што нават лепшы.

А нашто? У практычным пляне хіба ня лепш рэагаваць холадна-грэбліва, тонам, стомленым ад цывілізацыйнай перавагі :-), маўляў, цікавыя назіраньні, але мы гэтым і ганарымся, і вам проста не зразумець беларускай экзыстэнцыйнай глыбіні.

І праўда ж не зразумець. Для спадара Варламава гэта чужы горад, які менавіта як чужы горад і не спадабаўся. Можа, у ягоных ўражаньнях як ад чужога гораду і ёсьць свая рацыя. Але якое значэньне мае гэтая рацыя для таго, для каго гэты горад свой?