ЗША хочуць Расеі дапамагчы зь бясьпекай Алімпіяды

Пэнтагон нагадаў Расеі аб прапанове дапамагчы ў забесьпячэньні бясьпекі на Алімпіядзе, якая ў канцы наступнага тыдня стартуе ў Сочы.
Міністар абароны ЗША Чак Гэйгел і міністар абароны Расеі Сяргей Шойгу дамовіліся ў сераду стварыць ваенны канал сувязі ў выпадку, калі гэта будзе неабходна.

Між тым, прадстаўнікі амэрыканскай выведкі кажуць пра рост колькасьці паведамленьняў пра пагрозы бясьпекі ў раёне Сочы.

Дырэктар Нацыянальнага антытэрарыстычнага цэнтра ЗША Мэцью Олсэн заявіў на слуханьнях у Сэнаце ў сераду, што Расея ўкараняе шырокія меры бясьпекі на алімпійскіх аб’ектах. Але ён таксама дадаў, што ёсьць «значны патэнцыял для тэракту» ў ваколіцах Сочы і ў раёне Вялікага Сочы (не на алімпійскіх аб’ектах непасрэдна, але ў тэрытарыяльных межах горада Сочы).