Расея прытрымае крэдыт для Ўкраіны

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін пагадзіўся з прапановай прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева — выконваць фінансавыя і энэргетычныя абавязаньні перад Украінай толькі пасьля таго, як будзе сфармаваны новы ўкраінскі ўрад.
Пра гэта ён сказаў на нарадзе з чальцамі расейскага ўраду, перадае УНІАН.

Мядзьведзеў адзначыў, што расейскі ўрад разумее неабходнасьць выкананьня ўсіх дамоўленасьцяў з Украінай. У той жа час гэта павінна рабіцца асэнсавана.

«Асэнсавана мы можам гэта рабіць толькі тады, калі будзем разумець, які эканамічны курс будзе ў новага ўраду, хто будзе там працаваць і якіх правілаў яны будуць прытрымлівацца», — сказаў Мядзьведзеў.

Ён таксама паведаміў пра перамовы з экс-прэм’ерам Украіны Мікалаем Азаравым пра пагашэньне доўгу за пастаўлены расейскі газ.

«Гэта разумна. Давайце дачакаемся фармаваньня новага ўраду Ўкраіны», — сказаў Пуцін.

У Брусэлі Пуцін заявіў, што ўрад Расеі ня мае намеру пераглядаць дамоўленасьці з Украінай пра выдачу ёй крэдыту і пра кошты на газ, калі да ўлады ва Ўкраіне прыйдзе апазыцыя.

«Ці будзем мы пераглядаць нашы дамоўленасьці па крэдыце і па энэргетыцы, калі да ўлады прыйдзе апазыцыя? Ня будзем. Для нас ня важна. Мы ж вялі канструктыўны дыялёг з урадам Украіны, калі гэты ўрад узначальвала Юлія Цімашэнка», — сказаў Пуцін.

17 сьнежня 2013 году ў Маскве Віктар Януковіч і Ўладзімер Пуцін дамовіліся пра зьніжэньне кошту расейскага газу для Ўкраіны на траціну — да 268,5 даляра за 1 тыс. кубамэтраў, а таксама пра набыцьцё Расеяй за кошт сродкаў Фонду нацыянальнага дабрабыту ўкраінскіх сувэрэнных эўрабондаў на 15 млрд даляраў.