Выбары: пад ціскам улады вылучэнцаў робіцца меней

Папярэднія падлікі зарэгістраваных ініцыятыўных групаў кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі паказваюць: ровень канкурэнцыі на гэтых выбарах будзе прыкладна гэткі самы, як і на папярэдніх у 2010 годзе.
Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Найбольш вострая барацьба чакаецца ў Менску, дзе на адзін мандат ужо прэтэндуюць каля чатырох чалавек. Найменш ахвотных балятавацца ў пасялковыя саветы — 0,6 на адно месца.

Сярод апазыцыі працэдуру рэгістрацыі найбольш пасьпяхова прайшлі актывісты афіцыйна не зарэгістраванай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі — амаль 99%. Адказны сакратар аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Дзяніс Садоўскі так тлумачыць Свабодзе гэты вынік:

Дзяніс Садоўскі

«Дзякуючы нашым юрыстам былі своечасова дапрацаваныя ўсе формы, якія неабходныя для рэгістрацыі. Як вядома, у Менску нават лідэрам некаторых апазыцыйных партыяў адмовілі з-за таго, што яны не зьвярнулі ўвагі на зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Мы, дзякуй Богу, на іх зьвярнулі ўвагу. Таму ў 99% выпадкаў нашых актывістаў рэгістравалі».

Спадар Садоўскі назваў колькасьць зарэгістраваных групаў — 181. Некаторыя зь іх учора ўжо нават праводзілі першыя пікеты. Хрысьціянскія дэмакраты першапачаткова зьбіраліся мець 213 вылучэнцаў. Але так не атрымалася, — канстатуе Дзяніс Садоўскі:

«32 чалавекі адмовіліся рэгістраваць свае групы. Літаральна 1–2 з суб’ектыўных прычынаў. Астатнія — пад пагрозай ціску на іх з боку кіраўнікоў прадпрыемстваў і навучальных установаў. Але і гэтыя людзі будуць праводзіць кампаніі ў рамках той стратэгіі, якую абрала БХД, хай і ня ў якасьці прамоўцаў».

Падобная сытуацыя склалася і ў іншых дэмакратычных структурах. Так, першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначае:

Юрась Губарэвіч

«Па вялікім рахунку, усіх рэгіструюць, за выключэньнем хіба што групы Алеся Лагвінца. Але, я думаю, там ёсьць пэрспэктывы абскарджваньня. На жаль, некалькі дзясяткаў чалавек з рэгіёнаў, якія папярэдне зьбіраліся рэгістравацца, усё ж не дайшлі да этапу рэгістрацыі. Бо калі стала вядома пра іхныя пляны па месцы працы альбо вучобы (прынамсі, што тычыцца студэнтаў у Менску), то яны былі вымушаныя альбо адклікаць дакумэнты на рэгістрацыю, альбо наагул іх не падаваць».

Сяргей Вазьняк

Прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк кажа:

«Рэгіструюць ляяльна. У нас пакуль няма вялікіх прэтэнзіяў да рэгістрацыі групаў. Адзінае — ёсьць факты ціску на людзей. Але гэта такія факты, пра якія бяз згоды саміх людзей гаварыць няможна».

Акрамя збору подпісаў, вылучацца можна яшчэ ад працоўных калектываў і ад зарэгістраваных палітычных партыяў. Можа, таму партыі пакуль вядуць сябе даволі пасіўна, — разважае сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік

«З усіх заяваў, а іх у саветы ўсіх роўняў пададзена больш за 16 тысяч, толькі каля 300 — ад прадстаўнікоў палітычных партыяў. Гэта меней за 2%. Думаю, што будуць надалей вылучэнцы ад сваіх партыйных структураў. Толькі трэба памятаць, што ня ў кожным раёне ёсьць партыйная структура. І, адпаведна, ня ў кожным раёне партыя можа вылучыць сваіх актывістаў. Мабыць, прасьцей будзе толькі з абласнымі саветамі. Я спадзяюся, па меншай меры, што ў кожнай вобласьці ёсьць структурныя падразьдзяленьні палітычных партыяў».

Мікалай Лазавік сказаў, што ЦВК зьбіраецца абвясьціць поўныя вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў 21 студзеня. У гэты дзень адбудзецца і паседжаньне Цэнтравыбаркаму.