«Януковіч — другі Лукашэнка», — Вінцук Вячорка

Украіну і яе кіраўніцтва варта разьмяжоўваць гэтаксама, як Беларусь варта аддзяляць ад дзеяньняў яе кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, заявіў Свабодзе апазыцыйны дзеяч Вінцук Вячорка. Камэнтуючы апошнія законы, прынятыя ў Вярхоўнай Радзе, палітык раіць не абагульняць: гэта не Ўкраіна стала другой Беларусьсю, а Януковіч стаў другім Лукашэнкам.
— Спадар Вінцук, пасьля таго як Вярхоўная Рада прыняла «ручным галасаваньнем» спрэчныя законы, шмат хто ў Украіне параўнаў гэта зь Беларусьсю, некаторыя нават казалі, нібыта Ўкраіна стала «Беларусьсю-2». Ці ня крыўдна гэта беларусам?

— Перш за ўсё, я б аддзяляў Беларусь ад Лукашэнкі і «лукашызму». Такую ж памылку робяць і заходнія палітыкі, якія кажуць, што Беларусь нібыта абрала «эўразійскі вэктар». На справе беларускі народ выбірае Эўропу і незалежнасьць. Гаворка тут ідзе не пра беларускі, а пра лукашэнкаўскі шлях. І калі аналізаваць гэтыя новыя законы, прынятыя ўзьняцьцем рук, то на самой справе там амаль ва ўсіх напрамках «закручваюцца гайкі» — гэтаксама, як гэта рабіў Лукашэнка, толькі ён гэта рабіў на працягу доўгага часу.

— Лукашэнка ў 2006 годзе, а пазьней — у 2011-м перад выбарамі таксама прымаў так званыя «антырэвалюцыйныя законы», вельмі падобныя да прынятых нядаўна ва Ўкраіне. Як вы лічыце, гэта спрацавала на яго карысьць ці не?

— Тактычна, часова — так, спрацавала, але стратэгічна — не, паколькі энэргія грамадзкага пратэсту ня зьнікла, і гэта выявіцца. Іншая справа, што ў выніку такой палітыкі, у такім законным кантэксьце, энэргія гэтага пратэсту можа ўжо ня быць мірнай. Тое ж тычыцца і Ўкраіны, я лічу.

— Ці не зарана сёньня казаць, што Ўкраіна становіцца падобнай да Беларусі?

— Я сказаў бы, што гэта Януковіч становіцца падобным да Лукашэнкі. Так, сапраўды, рэжым, які можа быць пабудаваны ва Ўкраіне, становіцца вельмі падобным да лукашэнкаўскага. Гэта тычыцца і правоў людзей на пратэст, і свабоды СМІ, і гэтак далей.

— Улічваючы досьвед беларускай апазыцыі, яе змаганьня на працягу 20 апошніх гадоў, што зь яго можна было б лічыць карысным для ўкраінскай апазыцыі?

— Перш за ўсё, не дапусьціць, каб яна вымушана была змагацца 20 гадоў — так, як гэта робім мы. Бо калі ёсьць жывы патэнцыял пратэсту, калі ёсьць Майдан, калі Ўкраіна абудзілася, ня варта адкладаць рашэньне ўсіх пытаньняў на нейкі наступны час.