«БЕЛСАТплюс» супраць «Белсат ТВ»: зноў у судзе

Прадстаўнік тэлеканалу Белсат ТВ Міхась Янчук

20 студзеня Вярхоўны суд працягне разглядаць пазоў кіраўніка кампаніі «БЕЛСАТплюс» Андрэя Белякова да тэлеканалу «Белсат ТВ».
Прадмет спрэчак — гандлёвая марка «Белсат», якой карыстаюцца абедзьве кампаніі.

«Падаецца, што сёньня павінна быць прынятае нейкае рашэньне. Будзем спадзявацца, што гэта будзе добрае для нас. Мы зацікаўленыя ў тым, каб гэтая справа разьвязалася. Мы ўпэўненыя, што спадар Белякоў, які падаў позву, ня мае ніякіх сур’ёзных аргумэнтаў, каб суд прыняў на ягоны бок», — заявіў Радыё Свабода Міхась Янчук, прадстаўнік Белсату ў Беларусі.

Справу разглядае судзьдзя Галіна Глухоўская.

Інтарэсы тэлеканалу абараняе адвакат Ігар Дзячкоў.

Андрэя Белякоў кажа, што зарэгістраваў гандлёвы знак «БЕЛСАТплюс» яшчэ ў 2001 годзе.

Тэлеканал «Белсат» быў створаны 23 красавіка 2007 году. Кампанія «Тэлевізія Польска», да якой афіцыйна адносіцца тэлеканал «Белсат», ужо падавала ў беларускі суд пазоў супраць кампаніі Андрэя Белякова.

Польская кампанія прасіла датэрмінова і часткова спыніць прававую ахову камбінаванага гандлёвага знаку «Белсат» на тэрыторыі Беларусі. Аргумэнтам польскага боку было тое, што беларуская кампанія не карысталася знакам у дачыненьні да ўсіх тавараў і паслугаў без паважных прычынаў. «Тэлевізія Польска» паведамляла таксама пра сваю зацікаўленасьць у рашэньні на сваю карысьць менавіта з прычыны дзеяньня тэлеканалу «Белсат».

Аднак у чэрвені 2012 году суд стаў на бок Андрэя Белякова. Цяпер Белякоў кажа, што робіць крок у адказ — падае ў суд на польскую кампанію.

Фірма Белякова «БЕЛСАТплюс» займаецца продажам спадарожнікавых талерак. Белякоў сьцьвярджае, што Польскае тэлебачаньне не зьвярталася да яго з прапановамі пра грашовую кампэнсацыю. Сам ён пакуль не разглядае магчымасьці адмовіцца ад сваіх судовых патрабаваньняў у абмен на грашовую кампэнсацыю.

Белякоў хоча, каб тэлеканал «Белсат ТВ» зьмяніў свой гандлёвы знак. Ён сьцьвярджае, што не патрабуе спыніць вяшчаньне тэлеканалу і катэгарычна адмаўляе, што перасьледуе сваім пазовам палітычныя мэты.