«Парк імя Уга Чавэса? Гэта жахліва!»

Менскі гарсавет і Менгарвыканкам пастанавілі закласьці новы парк і надаць яму імя Уга Чавэса. Месца вызначылі ў менскім мікрараёне Каменная Горка. Аднак жыхары мікрараёну ня ведаюць пра ініцыятыву гарадзкіх уладаў, а іхняй думкай чыноўнікі не цікавіліся.

Мікрараён Каменная Горка — на заходняй ускраіне Менску. Плошчу будучага парку часткова займае дыспэтчарская станцыя і разваротнае кальцо гарадзкіх аўтобусаў. Астатняе — пустка. Жыхары бліжэйшых дамоў больш ведаюць пра былога лідэра Вэнэсуэлы, чым пра разьвіцьцё свайго мікрараёну і пра тое, што будзе пад вокнамі іхніх дамоў:

Парк імя Уга Чавэса мае разьмясьціцца на плошчы двух кварталаў у межах вуліц Каменнагорская — Лідзкая — Калесьнікава — Казіміраўская. Ня ўсе жыхары Кунцаўшчыны задаволеныя суседзтвам такіх назваў. Некаторыя кажуць, што хацелі б даць парку іншае імя. Але думкаю жыхароў сталічныя ўлады не цікавіліся, хоць грамадзкага абмеркаваньня патрабуе дзейнае заканадаўства.

Your browser doesn’t support HTML5

Менчукі пра парк Чавэса


Паводле рашэньня Менгарвыканкаму, да 1 ліпеня на тэрыторыі будучага парку павінна зьявіцца імянная мэмарыяльная дошка, прысьвечаная Уга Чавесу, а ў жніўні яе маюць урачыста адкрыць, прымеркаваўшы гэтую падзею да 60-годзьдзя былога вэнэсуэльскага лідэра. Але ні праекту парку, ні сродкаў на яго стварэньне пакуль яшчэ няма, кажа кіраўніца аддзелу Менскзелянбуду Вольга Суша:

«У нас і блізка ніякіх дакумэнтаў няма. У нас ёсьць рашэньне Менгарвыканкаму, нібыта, пра будаўніцтва: 1 чарга — з усталяваньнем мэмарыяльнай дошкі да 1 ліпеня 2014 году. А ўжо адміністрацыя раёну павінна правесьці ўрачыстае адкрыцьцё з нагоды 60-годзьдзя да 28 жніўня. Але грошай нам пакуль ніякіх не выдзялялі, мы нават не выяжджалі на месца і нават ня ведаем, дзе гэта. У тытуле ў нас яго пакуль няма».

Паводле Вольгі Сушы, калі гарадзкія ўлады прынялі такое рашэньне, то ёсьць верагоднасьць, што да прызначанага тэрміну яно будзе выкананае.