Да «Дажынак-2014» у Гарадку зьнішчылі кірмаш

Стары кірмаш пойдзе пад знос

Месца ў цэнтры мястэчка, дзе кірмаш райспажыўсаюзу месьціўся 10 гадоў, спачатку вырашылі аддаць пад будаўніцтва новага гандлёвага аб’екту.
І хоць ужо высьветлілася, што грошай на новы гмах няма і ня будзе, прадпрымальнікаў усё адно высяляюць — на ўскраек стадыёну аграрна-тэхнічнага каледжу. Праўда, і гэта толькі да вясны, а далей — пэрспэктывы зусім няясныя. Прадпрымальнікі абураныя і патрабуюць адказу ад уладаў.

З пачатку гэтага году кірмаш у райцэнтры Гарадок, што на Віцебшчыне, не працаваў ніводнага дня. Усе шапікі і ралеты зачыненыя, але штодня на былым працоўным месцы зьбіраецца некалькі чалавек. Яны абмяркоўваюць паміж сабой сытуацыю, у якую трапілі: у Гарадку запланавана правесьці рэспубліканскія «Дажынкі-2014», і кірмаш вырашылі зачыніць за непрывабны выгляд, а потым і зьнесьці. Хацелі тут збудаваць гандлёвы цэнтар — як паказьнік мясцовага дабрабыту. Але якраз днямі высьветлілася, што на гэта няма грошай. Гэта адна з галоўных тэмаў, якія абмяркоўваюць гарадоцкія прадпрымальнікі.

«Было заяўлена так: гандлёвага цэнтру ня будзе, але сюды ніводзін прадпрымальнік ня вернецца», — кажа адна з гандлярак.

«А чаго б тут усё не прывесьці ў парадак? Чым наш кірмаш кепскі? Раней былі намёты, а калі сказалі нам ставіць шапікі, дык мы паставілі. І асфальт гэты — ён на 90% за грошы прадпрымальнікаў, мы ўкладалі свае сродкі», — дадае другая.

«Выкідаюць людзей проста ў бруд! Калі гэтую зямлю хочуць каму прадаць, то няхай прадаюць нам», — прапануе трэцяя спадарыня.

На новым месцы працаваць немагчыма



Прадпрымальнікам прапанавана за ўласны кошт перавезьці свае шапікі і ралеты ў іншае месца — на вуліцу Спартыўную. Там, на кавалку стадыёну Гарадоцкага агратэхнічнага каледжа, райспажыўсаюз вырашыў абсталяваць новы кірмаш. З усяго «абсталяваньня» на сёньняшні дзень тут ёсьць 50 бэтонных плітаў, тры паржавелыя шапікі райспажыўсаюзу, воданапорная калёнка бяз крана і слуп з электрычным дротам, але без электрычнасьці. Яшчэ панавокал бегаюць бадзяжныя сабакі.

Пераяжджаць сюды і працаваць у такіх умовах прадпрымальнікі катэгарычна адмаўляюцца.

«Там жа ні плота, ні вады! Няхай бы хоць нейкая агароджа была! А так падыходзь хто хочаш, бяры што хочаш — нічога не ахоўваецца. Каб раней яны ўзяліся, нешта б добраўпарадкавалі, можа, было б і нішто?» — разважае адна з гандлярак.

«Але ж тэрыторыю стадыёна ў студэнтаў забіраюць. Як ім спортам займацца? А нам як — у той бруд, дзе няма нічога?» — працягвае другая.

З "выгодаў" – толькі дзьве зачыненыя прыбіральні



На новым кірмашы няма нават плота




Больш за тое: «перасяленьне» на стадыён —толькі часовае. Пытаньне наконт сталага месца для кірмаша будзе вырашана толькі пасьля сёлетніх «Дажынак». Таму пераяжджаць гарадоцкія прадпрымальнікі адмаўляюцца катэгарычна, хоць іх угаворваюць і празь мясцовую газэту «Гарадоцкі весьнік», і падчас візытаў на кірмаш мясцовых уладаў. 9 студзеня прыяжджалі прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкаму. Яны чарговым разам паабяцалі, што правядуць добраўпарадкаваньне на новым месцы. Гэтыя абяцаньні прадпрымальнікі слухаюць ужо з канца лета — як толькі стала вядома пра пэрспэктыву зносу старога кірмаша.

З пачатку месяца больш як 70 чалавек ужо практычна беспрацоўныя. Зь іх нават ня бралі падаткаў, хоць у бюджэце грошай не хапае.

У тым ліку і на «напалеонаўскія» пляны мясцовага кіраўніцтва. Вось ужо празь недахоп сродкаў адмовіліся ад будоўлі гандлёвага цэнтру. Але на чарзе — рамонт ужо амаль разбуранага аўтавакзала, чыгуначнай станцыі і былога кінатэатру, дзе плянуюць стварыць новую культурніцкую ўстанову. На рэканструкцыі — цэнтральная плошча і мэмарыяльныя могілкі каля яе. Таксама трэба правесьці рэканструкцыю 28 жылых дамоў, ня кажучы ўжо пра рамонт дарог, новы асфальт і гэтак далей.

Настрой у жыхароў Гарадка нэрвовы: яны пішуць скаргі, патрабуюць сустрэчаў са старшынём аблвыканкаму. Дарэчы, падчас сёньняшняга візыту прадстаўнікоў аблвыканкаму ў Гарадок супрацоўнікі міліцыі затрымалі мясцовага прадстаўніка партыі БНФ Леаніда Аўтухова. Затрымалі якраз перад прыездам начальства, а ў РАУСе паказалі ананімны ліст. Нехта, падпісаўшыся як «ананім», паведаміў у міліцыю, што Аўтухоў рыхтуе ў Гарадку грандыёзную акцыю пратэсту. Таму ў яго вырашылі ўзяць тлумачэньні і трымалі ў пастарунку, пакуль абласное начальства ня зьехала.

"Дажынкі" патрабуюць вялікіх выдаткаў. Аўтастанцыя



Рэканструкцыя мэмарыяльных могілак