Былы міністар абароны ЗША крытыкуе Абаму

Робэрт Гэйтс пазірае на Барака Абаму, архіўнае фота

Адстаўны міністар абароны ЗША Робэрт Гэйтс скрытыкаваў прэзыдэнта Барака Абаму, назваўшы яго дзеяньні ў Аўганістане няўпэўненымі.
Пра гэта гаворыцца ў кнізе «Служба: мэмуары міністра на вайне», якая паступіць у продаж на наступным тыдні. Урыўкі зь яе апублікавалі ў аўторак некалькі амэрыканскіх газэт.

Гэйтс сьцьвярджае, што Абама сумняваўся ў посьпеху ім самім абранай стратэгіі ў Аўганістане і быў зацікаўлены выключна ў вывадзе войскаў з гэтай краіны.

Па словах Гэйтса, прэзыдэнт Абама першапачаткова скептычна ставіўся да ваенных дзеяньняў у Іраку і Аўганістане, бо лічыў, што абедзьве вайны атрымаў у спадчыну ад адміністрацыі Джорджа Буша. Гэйтс таксама меў істотныя рознагалосьсі з прэзыдэнтам у пытаньні абароннага бюджэту ЗША.

Робэрт Гэйтс стаў міністрам абароны ЗША яшчэ пры прэзыдэнту Джорджу Бушу ў 2006 годзе, але заставаўся на гэтай пасадзе пасьля абраньня Абамы ў 2008 годзе. Гэйтс сышоў у адстаўку ў ліпені 2011 году.

Камэнтуючы кнігу Гэйтса, прадстаўніца Савета нацыянальнай бясьпекі ЗША Кэйтлін Хэйдэн заявіла, што прэзыдэнт Абама ня згодны з ацэнкамі былога міністра. Разам з тым, дадала яна, прэзыдэнт удзячны Робэрту Гэйтсу за яго працу і службу Злучаным Штатам.