Ці страчвае Беларусь рэлігійны сувэрэнітэт?

Патрыярх Кірыл і Аляксандар Лукашэнка, 2012 год

Новы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы, грамадзянін Расеі мітрапаліт Павал, правёў у Менску першую літургію. Чаму Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся на гэтае прызначэньне? Чаго можна чакаць ад новага кіраўніка БПЦ? Якое значэньне мае рэлігійны сувэрэнітэт дзяржавы?
Удзельнікі: гісторык, вядомы грамадзкі дзеяч Анатоль Сідарэвіч і рэдактарка інтэрнэт-парталу «Царква» Наталка Васілевіч.


Чаму Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся на гэтае прызначэньне?


Валер Карбалевіч: «Мітрапаліт Філарэт падаў яшчэ ў 2010 годзе прашэньне аб адстаўцы ў сувязі з узростам. Амаль чатыры гады ішла закулісная барацьба за пасаду кіраўніка БПЦ. Можна выказаць здагадку, што Аляксандар Лукашэнка хацеў, каб пасаду кіраўніка БПЦ заняў грамадзянін Беларусі, якога назаве ён сам.

Кульмінацыі гэты канфлікт дасягнуў у ліпені мінулага году падчас сьвяткаваньня 1025 угодкаў хрышчэньня Русі. Тады Лукашэнка дэманстратыўна адмовіўся ехаць у Кіеў, дзе праходзілі галоўныя ўрачыстасьці, заявіў, што царква пачынае хварэць на нейкую „заразу“, раскрытыкаваў кіраўніцтва РПЦ за адсутнасьць рэформаў. І самае галоўнае, Лукашэнка тады паабяцаў: „І ў Беларусі мы над гэтым падумаем“. Ягоныя словы трэба было разумець так, што мы пачнём рэфармаваць Беларускую праваслаўную царкву аўтаномна. Гэта была недвухсэнсоўная заяўка на дыстанцыяваньне ад маскоўскага сыноду, курс на незалежнасьць БПЦ.

Таму рашэньне Сьвятога сыноду РПЦ ад 25 сьнежня 2013 году аб адстаўцы мітрапаліта Філарэта і прызначэньні мітрапалітам Менскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам Беларусі мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага Паўла стала громам сярод яснага неба. Чаму Лукашэнка пагадзіўся на такое рашэньне?»

Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч: «Я даўно кажу, што Беларусь не зьяўляецца ў поўным сэнсе незалежнай дзяржавай. Яна знаходзіцца ў эканамічнай і іншай залежнасьці ад Расеі. Таму не даводзіцца гуляць у самастойныя гульні ў царкоўным жыцьці. Згода Лукашэнкі на гэтае прызначэньне — гэта адна зь ягоных саступак Маскве за выдзяленьне крэдыту ў памеры $2 млрд».

Карбалевіч: «Незалежных дзяржаў у сёньняшнім глябалізаваным сьвеце не бывае. Хіба толькі вялікія дзяржавы могуць сабе такое дазволіць. Але і тут ня ў поўнай меры. Напрыклад, нават ЗША шмат у чым залежаць ад Кітая, бо кітайцы трымаюць свой валютны запас у далярах. Таму, мусіць, можна гаварыць пра тую ці іншую ступень залежнасьці ці незалежнасьці».

Сідарэвіч: «Гэта канечне. Але вось існуе аўтаномная Фінская царква ці Эстонская царква Канстантынопальскага патрыярхату. І цяжка ўявіць, што Канстантынопальскі патрыярхат прызначыць туды каго мітрапалітам ці прадстаяльнікам, не ўзгадніўшы яго з кіраўніцтвам дзяржавы».

Карбалевіч: «Думаю, што ў нашым выпадку ўзгадненьне з Лукашэнкам якраз было».

Наталка Васілевіч

Наталка Васілевіч: «Лукашэнка вымушаны пагаджацца на нейкія рашэньні пад ціскам абставін, у выніку торгу. Думаю, у дадзеным выпадку, калі б ён не пагадзіўся з прызначэньнем мітрапаліта Паўла, то страціў бы больш.

Калі казаць пра ўсясьветную практыку, то прызначэньне замежнага грамадзяніна кіраўніком аўтаномнай царквы — гэта нярэдкая зьява. Вось тут узгадвалі Эстонскую праваслаўную царкву Канстантынопальскага патрыярхату. Дык вось, яе кіраўніком быў прызначаны мітрапаліт Стэфан. Гэта чалавек грэцкага паходжаньня, нарадзіўся ў Афрыцы, усё жыцьцё жыў у Францыі, у Эстоніі ніколі раней ня быў. Тым ня менш, як кажуць эстонцы, стаў добрым кіраўніком».

Сідарэвіч: «Беларускі экзархат — не аўтаномная царква. Таму, паводле статуту РПЦ, менавіта сынод РПЦ прызначае сюды экзарха. Вось Украінская царква — аўтаномная, самакіраваная. Яна мае права вылучаць сваіх кандыдатаў, а зь іх сынод РПЦ прызначае прадстаяльніка.

Але, зь іншага боку, у Беларусі ёсьць закон аб рэлігійных аб’яднаньнях, паводле якога рэлігійнае аб’яднаньне ў краіне можа ўзначальваць толькі чалавек, які мае беларускае грамадзянства. І ў дадзеным выпадку закон парушаны».


Чаго можна чакаць ад новага кіраўніка БПЦ?


Карбалевіч: «Шмат пытаньняў выклікае асоба новага кіраўніка БПЦ. З выказваньняў мітрапаліта Паўла вынікае, што ён зацяты расейскі імпэрыяліст, агрэсіўны антызаходнік, які заяўляе пра магчымасьць ужываньня атамнай ці бактэрыялягічнай зброі, пра гатоўнасьць Расеі „адкрыць чарнобыльскі кранік“, каб пакараць сваіх праціўнікаў. Такія заявы публічнай асобы — нонсэнс для сучаснага цывілізаванага сьвету. І прызначэньне менавіта такога чалавека кіраўніком БПЦ — гэта нейкая дэманстрацыя? Але дэманстрацыя чаго?»

Сідарэвіч: «Ягоныя выказваньні мяне зьдзівілі. Ён жа выхаванец школы Нікадзіма Ротава. З гэтай школы выйшлі і патрыярх Кірыл, і мітрапаліт Філарэт. Гэта школа аддзелу зьнешніх царкоўных зносін РПЦ. І гэтыя людзі дастаткова дыпляматычныя, асьцярожныя ў публічных выказваньнях. А тут пра нейкую дыпляматыю і гаворкі няма».

Карбалевіч: «Так выказваюцца палітыкі, якія вядомыя як скандалісты, рэпутацыя якіх сапсаваная, кшталту Уга Чавэса ці Ахмадзінэджада».

Сідарэвіч: «Гэта нейкае ультра. Магчыма, ультраваяўнічае праваслаўе, ці, як цяпер называюць, „праваслаўны газават“».
Антызаходні, антыдэмакратычны трэнд у РПЦ афіцыйны

Васілевіч: «Ня трэба ідэалізаваць „нікадзімаўскую школу“. Апошнім часам вышэйшыя герархі РПЦ, уключна з самім патрыярхам Кірылам, публічна выказваюцца больш дыпляматычна па форме, але па сутнасьці гэта тое ж, што казаў мітрапаліт Павал у сваіх скандальных роліках. І пра адмову ад заходніх каштоўнасьцяў, і пра тое, што дэмакратыя — гэта не для нашай праваслаўнай культуры. То бок антызаходні, антыдэмакратычны трэнд у РПЦ афіцыйны.

Зь іншага боку, падобнага кшталту скандальныя выказваньні характэрныя для любога правінцыйнага герарха. Гэта тычыцца і беларускіх. Магчыма, для вуха, якое не прызвычаілася да такога дыскурсу, гэта гучыць жахліва. Таму я ня бачу, каб нейкага асаблівага ультраправаслаўнага мітрапаліта выбралі для Беларусі».

Карбалевіч: «Калі гэта звычайнасьць і норма для РПЦ, то гэта жахліва».

Сідарэвіч: «Гэта тым больш жахліва, зважаючы на поліканфэсійнасьць нашай краіны і тое, што Беларусь мяжуе з тым самым Захадам».


Якое значэньне мае рэлігійны сувэрэнітэт?


Карбалевіч: «Гісторыя Беларусі яскрава сьведчыць, што рэлігійны сувэрэнітэт дзяржавы, нацыянальная царква — гэта важны чыньнік дзяржаўнага сувэрэнітэту. Што ж чакае Беларусь у зьвязку з гэтым прызначэньнем?»

Сідарэвіч: «Мы разглядаем гэтую праблему ў кантэксьце праваслаўя. Бо Рымскаму папу не прыйшло ў галаву прызначаць біскупамі ці мітрапалітам іншаземца. Усе каталіцкія біскупы Беларусі — тутэйшыя.

Прызначэньне мітрапаліта Паўла азначае, што нават адносна аўтаномнай праваслаўнай царквы ў Беларусі няма. Зь іншага боку, гэта ўдар па амбіцыях некаторых уладыкаў БПЦ, якія ўжо прымяралі белы клабук мітрапаліта. Але чалавек плянуе, а Бог сьмяецца».

Карбалевіч: «Ці павінна незалежная дзяржава мець царкоўны, рэлігійны сувэрэнітэт? Ці вы лічыце такую пастаноўку пытаньня няправільнай у прынцыпе?»

Васілевіч: «У такой пастаноўцы пытаньня ёсьць свая рацыя. Але беларускі закон аб рэлігійных аб’яднаньнях я пасьлядоўна крытыкую. Бо ён парушае прынцып свабоды сумленьня, прынцып аўтаноміі рэлігійных арганізацыяў ад дзяржавы. Для мяне ўплыў беларускай дзяржавы на вызначэньне кандыдатаў на пасаду кіраўніка рэлігійнай арганізацыі — горш, чым калі гэта вызначае сама царкоўная структура, да якой мы ўсё ж такі належым.

Сама па сабе пэрсона кіраўніка мае вялікае значэньне ў праваслаўнай царкве, але не вызначальнае. Бывае, калі замежнік вельмі дбае аб мясцовых інтарэсах. Напрыклад мітрапаліт Хрызастом у Літве. Там нават не было экзархату, а толькі адна эпархія зь некалькіх прыходаў. І яна пачала пасьпяхова аўтаномна разьвівацца, не зважаючы на загады з Масквы.

Галоўную ролю павінен адыграць сам царкоўны народ. Бо так не бывае, што раптам зьявіцца мітрапаліт сьвядомы, беларускамоўны, які выступае за дэмакратыю. Такому чалавеку няма адкуль узяцца. Царкоўная супольнасьць павінна сама яго вырасьціць. Пакуль у самой праваслаўнай супольнасьці няма ўяўленьня пра сваю аўтаномію, пра свой інтарэс, пакуль аўтакефаліі ня будзе ў галаве, яе ня будзе і ў рэчаіснасьці. А калі тут будзе нацыянальная сьвядомасьць, то ніякі расеец ня зможа зрабіць тут нічога антыбеларускага».