Раство за кратамі

фота www.shutterstock.com

У Беларусі пазбаўленыя волі каля 40 тысяч чалавек, калі лічыць разам з падсьледнымі. Ці пазбаўленыя яны таксама магчымасьці адзначыць сьвята Божага нараджэньня?
Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч кажа, што ў беларускіх вязьніцах фактычна ніяк не адзначаюць Раство. І ня толькі таму, што адміністрацыя гэтаму не спрыяе. А найперш таму, што, на думку шчырага верніка Зьмітра Дашкевіча, па-ранейшаму збольшага атэістычным застаецца грамадзтва:

«Божае Раство як сьвята, на жаль, бальшавізмам было выкараненае. І ў сучасным лібэральным сьвеце гэта таксама не вітаецца. Таму калі што і сьвяткуецца ў зоне, дык гэта Новы год. Але калі ёсьць пара сапраўдных вернікаў у зоне, яны, вядома, сустрэнуцца, запараць гарбаткі, памоляцца і адсьвяткуюць і Раство. Але гэта адзінкавыя выключэньні. І ня толькі ў зоне, а нават у грамадзтве. Паглядзіце, што ў нас сьвяткуюць цяпер? Яны што, сьвяткуюць Раство? Большасьць зь іх, 95 ці нават 99%? Не, яны ж ядуць і п’юць шампанскае на Новы год, хоць праваслаўны пост ніхто не адмяняў, а яны быццам бы ўсе праваслаўныя».

Наста і Зьміцер Дашкевічы

У жонкі Дашкевіча Насты свой досьвед адзначэньня Раства — у сьледчым ізалятары КДБ «амэрыканка». Маладая жанчына трапіла туды пасьля 19 сьнежня 2010 году і сядзела ў адной камэры з журналісткай Ірынай Халіп. Наста Дашкевіч згадала, што нават за кратамі ў КДБ Раство яны ўсё ж адзначылі, прычым двойчы:

«У прынцыпе, любому верніку ня так шмат і трэба, апроч як памаліцца ды падзякаваць Богу. Але сапраўды ўвечары ў нас была нейкая сьвяточная вячэра з сукамэрніцамі. Мы, праўда, у розныя часы сьвяткавалі Раство: і 25-га, і 7-га. Але, прынамсі, калі ёсьць такое жаданьне падзякаваць Богу, то ня можа быць ніякіх перашкодаў, дзе б ні знаходзіўся. Вядома, гэта не выглядае гэтак па-сямейнаму, урачыста, затое шчыра».

Павал Севярынец

У той жа 2011 год недзе ў суседняй камэры сустракаў Раство і сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец. Павал згадвае, што разам зь іншымі падсьледнымі, сярод якіх большасьць былі непалітычныя, яны накрылі сьвяточны стол, але паводзілі сябе як найцішэй, бо ў любы момант у камэру маглі ўварвацца людзі ў чорных масках, якія тады тэрарызавалі ўвесь ізалятар. Пранесла. Што да адзначэньня Раства на «хіміі», дзе Павал адбыў наступныя амаль тры гады, паводле Паўла Севярынца, тут у яго ўспаміны ня надта добрыя. Бо на «хіміі» Раство — гэта схаваная барацьба асуджаных з адміністрацыяй: адны імкнуцца пранесьці і расьпіць у інтэрнаце сьпіртное, другія — злавіць і пакараць парушальнікаў рэжыму:

«Выяўляюць і складаюць паперы аб парушэньні. Гэтак званая „наруха“. А калі ёсьць некалькі „нарух“, то можна адправіцца ў зону».

Карэспандэнт: «Зусім ня ўлічваюць тое, што гэта Раство, што сьвята?»

«Не, вы што? Адміністрацыя мусіць выяўляць такія факты, а калі выявіла, то мусіць афармляць шмат папераў. З-за гэтага яны вельмі злыя. Гэтак і кажуць асуджаным, што вы нам сьвята сапсавалі. І, натуральна, там вакол гэтага алькаголю ўвесь час ідзе схаваная вайна, якая то разгараецца, то прыціхае. Таму само сьвята, сэнс якога — ціхая радасьць, любоў ды вера, — яно там ператвараецца ў крыкі-лаянкі. Зразумела, што сьвяточнага настрою ў такіх мясьцінах чакаць ня варта. Але ўсё роўна той, хто хоча адзначыць, заўсёды можа знайсьці магчымасьць памаліцца і ціхенька ў сэрцы зьберагчы тую зьнічку».

Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Марына Адамовіч паведаміла карэспандэнту Свабоды, што палітвязень Мікалай Статкевіч яшчэ 26 сьнежня мінулага году спавядаўся ў праваслаўнага сьвятара, які наведваў магілёўскую турму, таму да сьвята Раства ён духоўна падрыхтаваны:

«У Міколы ёсьць маленькі кавалак, дзе пастаўленыя іконкі. Ведаю, што летась яны знайшлі магчымасьць нейкім чынам гэтае сьвята адзначыць, а як цяпер — ня ведаю. Але дакладна ведаю, што ён спавядаўся, духоўна падрыхтаваўся да сьвята, якое заўсёды адзначае і вельмі любіць. На жаль, у яго не было магчымасьці атрымаць ніякіх перадач ці бандэроляў да сьвята. Спадзяюся, што ў „атаварцы“, можа, набудзе якую зэфірынку да сьвяточнага стала».

Паводле Марыны Адамовіч, калі Мікалай Статкевіч сядзеў у шклоўскай калёніі, то знаходзіў магчымасьць хоць неяк, але адзначыць Раство. А вось пра пэрыяд, калі муж быў у вязьніцы КДБ, такіх успамінаў ад яго яна ня чула. Акрамя таго, што на пачатку 2011 году былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч на знак пратэсту трымаў галадоўку.