У Маскве затрымалі 28 актывістаў

Акцыя ў падтрымку «Вязьняў 6 траўня», архінае фота

На Манежнай плошчы ў Маскве затрыманыя 28 удзельнікаў акцыі салідарнасьці зь «вязьнямі Балотнай».
Як паведамляецца на сайце «ОВД-инфо», яны знаходзяцца ў двух аўтазаках.

Адна з затрыманых, актывістка «Салідарнасьці» Ніна Фалькоўская, трымала ў руках плякат з цытатай з Эвангельля ад Лукі: «Я прыйшоў прапаведаваць палонным вызваленьне. Адпусьціце змучаных на свабоду» .

Каля ста ўдзельнікаў акцыі трымалі ў руках партрэты абвінавачаных па «Балотнай справе».

Такія акцыі праводзяцца ад лета мінулага году 6-га чысла кожнага месяца.

6 траўня 2012 году ў Маскве шэсьце апазыцыі за сумленныя выбары вылілася ў сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй. Абвінавачваньні ва ўдзеле ў беспарадках або ў іх арганізацыі былі прад’яўленыя амаль тром дзясяткам чалавек. Пяцёра зь іх вызваленыя па амністыі да 20-годзьдзя Канстытуцыі.

Арганізатары акцыі лічаць абвешчаную амністыю недастаткова шырокай. На іх думку, спроба ўладаў напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Сочы зрабіць выгляд , што палітычныя рэпрэсіі ў Расеі засталіся ў мінулым — чарговы фарс і падман. Дзясяткі палітвязьняў застаюцца за кратамі, гаворыцца ў звароце арганізатараў акцыі, якія заяўляюць пра намер выходзіць на пікеты, пакуль усе «вязьні 6 траўня» ня будуць вызваленыя.