Мітрапаліт Павал прыляцеў у Менск

Мітрапаліт Павал

Раніцай 4 студзеня ў Менск прыбыў новы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Павал.
Паводле інфармацыі прэс-службы Менскай эпархіі, у Нацыянальным аэрапорце Менск мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі сустрэлі кіраўнік спраў БПЦ архіепіскап Навагрудзкі і Лідзкі Гурый, вікарый Менскай эпархіі эпіскап Барысаўскі Веніямін, сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўленьня протаіерэй Мікалай Коржыч, настаяцель мінскага храма-помніка ў гонар Усіх сьвятых протаіерэй Феадор Поўны.

«Ад асобы беларускай дзяржавы мітрапаліта Паўла прывітаў ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пасьля кароткага прывітаньня патрыяршы экзарх пагутарыў з журналістамі. Затым Павал накіраваўся ў менскі Сьвята-Духаў кафэдральны сабор, паведамляе БелаПАН.

Як паведамлялася раней, на цырымоніі прыбыцьця новага прадстаяцеля БПЦ было дазволена прысутнічаць карэспандэнтам толькі дзяржаўных СМІ.