На Майдане рыхтуюцца да правакацый улады

Штаб нацыянальнага супраціву заявіў, што ўкраінская ўлада плянуе перашкаджаць жыцьцядзейнасьці Эўрамайдана ў Кіеве. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы ўкраінскай партыі «Бацькаўшчына».
«Паводле інфармацыі Штаба нацыянальнага супраціву, па ўказаньні адміністрацыі прэзыдэнта Служба бясьпекі Ўкраіны сумесна з Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыяй правяла адмысловую нараду, на якой быў распрацаваны плян тэхнічных мерапрыемстваў і правакацый супраць Майдана»,— гаворыцца ў паведамленьні.

Адзначаецца, што ўчора ў адміністрацыйных будынках, у якіх знаходзяцца мітынгоўцы, пачалі адключаць ацяпленьне, у прыватнасьці, батарэі ў Доме прафсаюзаў сталі халоднымі.

Акрамя таго, паводле інфармацыі штаба, гарадзкой адміністрацыі даручана заблякаваць забесьпячэньне жыцьцядзейнасьці Майдана: падвоз ежы, дроў, паліва, ўборку і вываз сьмецьця, чыстку і замену біяпрыбіральняў.

«Штаб нацыянальнага супраціву расцэньвае такія пляны ўлады як правакацыі і злачынствы, якія падпадаюць пад крымінальную адказнасьць і ствараюць небясьпеку для жыцьця і здароўя грамадзян, якія мірным шляхам адстойваюць на Майдане свае правы. Штаб патрабуе спыніць такія дзеяньні»,— адзначаецца ў заяве.

Раней народны дэпутат ад фракцыі «Бацькаўшчына», камэндант Дома прафсаюзаў Сьцяпан Кубаў заяўляў, што невядомыя спрабавалі падпаліць тэхнічнае памяшканьне Дома прафсаюзаў.