Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майдан: Паўраспад пратэсту


Лягер пратэстоўцаў 20 сьнежня
Лягер пратэстоўцаў 20 сьнежня

У Кіеве спэцназ блякаваў подступы да некаторых цэнтральных вуліц і плошчаў з-за перамяшчэньня па горадзе прэзыдэнцкага картэжу. Як доўга можа стаяць Майдан і якімі могуць быць сцэнары далейшых дзеяньняў пратэстоўцаў?

Кіяўляне, якія пражываюць у цэнтры ўкраінскай сталіцы, каб дабрацца дадому, у крамы або паліклінікі, вымушаныя былі стаяць гадзінамі на міліцэйскіх блёкпастах. Раніцай у пятніцу спэцназ перакрыў шэраг цэнтральных вуліц і подступы да Майдану Незалежнасьці з боку Эўрапейскай плошчы. А ў другой палове дня міліцыя заблякавала дарогу спачатку да міністэрства ўнутраных спраў, а затым і да Палаца «Украіна». Цэнтральная частка Кіеву была паралізаваная для таго, каб забясьпечыць бесьперашкодны праезд картэжу прэзыдэнта Віктара Януковіча. Прайсьці праз міліцэйскія кардоны можна было толькі паказаўшы дакумэнты. Такія меры бясьпекі ўлады выкарыстоўваюць ўпершыню з часу пратэстаў на Майдане.

Між тым, Вярхоўная Рада на апошнім сёлета пасяджэньні заслухала справаздачу Генэральнага пракурора Віктара Пшонкі адносна расьсьледаваньня разгону Эўрамайдану 30 лістапада і сутыкненьняў днём пазьней каля сьцен прэзыдэнцкай адміністрацыі. У сваёй прамове Генпракурор адзначыў, што акцыя на Эўрамайдане была незаконнай, і заявіў, што да спроб зьвергнуць дзейную ўладу датычныя радыкальныя групоўкі. Выступ Віктара Пшонкі камэнтуе апазыцыйны дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксандра Кужэль:

— Ні прэзыдэнт, ні Генпракурор нават не спрабуюць зьняць напружаньне ў грамадзтве. Яны не даюць гарантыі аднаўленьня законнасьці і барацьбы з карупцыяй. Але працягваюць шукаць вінаватых на баку грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.

На Майдане тым часам працягваюць умацоўваць барыкады, пратэстоўцы гатовыя сустрэць тут і навагоднія сьвяты.

— Украінскі Майдан перажывае пэрыяд свайго паўраспаду, — гаворыць кіраўнік кампаніі Berta Communications, паліттэхноляг Тарас Бярэзавец. — Парлямэнцкая апазыцыя лічыць, што яна дасягнула ўсіх магчымых мэтаў у дыялёгу з украінскай уладай. Безумоўна, хацелася дамагчыся адстаўкі ўрада Мікалая Азарава, пакараньня датычных да расправы над мірнымі дэманстрантамі — супрацоўнікаў «Бэркуту» і іншых спэцпадразьдзяленьняў МУС, але, тым ня менш, мы бачым, што ўлада на гэтыя кампрамісы не пайшла. Можна доўга разважаць: ці ёсьць віна апазыцыі ў тым, што быў упушчаны спрыяльны момант, каб расквітацца зь цяперашняй украінскай уладай яшчэ 1 сьнежня? Аднак тое, што апазыцыя абрала мірны шлях дыялёгу, а не сілавы варыянт, у любым выпадку дадае ёй балаў, паколькі варыянт сілавога супрацьстаяньня — шлях у нікуды.

Лідэры Майдану і экспэрты абмяркоўваюць некалькі сцэнараў, зьвязаных зь цяперашнімі пратэстамі. Тарас Беразавец працягвае:

— Якім чынам могуць разьвівацца падзеі? Атрымаўшы буйны крэдыт ад прэзыдэнта РФ Уладзімера Пуціна, Віктар Януковіч зможа зьняць сацыяльную напружанасьць, забясьпечыўшы напаўненьне дзяржбюджэту. Самы верагодны варыянт разьвіцьця падзей — улада ня будзе разганяць Майдан, і пратэсты мірна і ціха скончацца самі. У гэтым зацікаўлена і ўлада, і апазыцыя. Як інструмэнт уплыву на ўладу Майдан для апазыцыі ўжо не працуе. Таму Майдан на працягу бліжэйшых 7-8 дзён можа самараспусьціцца. Другі варыянт — улада можа «зачысьціць» Майдан, але ня зьверскім чынам, а проста выцесьніўшы мітынгоўцаў з плошчы, вызваліўшы кіеўскую мэрыю і Дом прафсаюзаў. І, нарэшце, трэці варыянт — калі апазыцыя вырашыць падтрымліваць гэты Эўрамайдан максымальна доўга, то ён пачне маргіналізавацца, шмат людзей ня будзе, але ён зможа пратрымацца яшчэ некалькі месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG