Колькасьць ахвяр выбуху тралейбуса ў Валгаградзе дасягнула 15

Your browser doesn’t support HTML5

Выбух у тралейбусе ў Валгаградзе

Раніцай 30 сьнежня адбыўся другі за суткі тэракт у Валгаградзе, у выніку якога чалавек загінулі, больш за 20 параненых.
Бомба магла знаходзіцца ў салёне ўзарванага ў Валгаградзе тралейбуса, паведамілі ў расейскім Нацыянальным антытэрарыстычным камітэце. Ахвярамі выбуху сталі не менш за 15 чалавек. Колькасьць пацярпелых працягвае расьці. Паводле апошніх зьвестак, іх больш за 20, у тым ліку — аднагадовае дзіця.

Выбух адбыўся сёньня ў «гадзіну пік» непадалёк ад рынку ў Дзяржынскім раёне горада. Тралейбус № 15, які рухаўся па маршруце са спальнага раёна ў цэнтар горада пад’яжджаў да прыпынку. Паводле папярэдніх дадзеных расейскага Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта, выбуховае прыстасаваньне было закладзенае ў цэнтры тралейбуса, які пры выбуху разьнесла на часткі. У бліжэйшых дамах выбуховай хваляй выбіла шкло.

Па словах прадстаўнікоў сьледзтва, на месцы выбуху шмат фрагмэнтаў чалавечых целаў, і колькасьць ахвяраў будзе ўдакладняцца.

Заведзеная крымінальная справа па артыкулах «тэракт» і «незаконны абарот зброі». МНС рыхтуе самалёт для эвакуацыі параненых у Маскву.

Гэта ўжо другі тэракт у горадзе менш чым за суткі і трэці за апошнія два месяцы. Учора ў выніку выбуху на чыгуначным вакзале загінулі 17 чалавек, больш за 40 атрымалі раненьні. Паводле апошніх зьвестак, тэракт зьдзейсьніў сьмяротнік. У кастрычніку ахвярамі тэракту ў рэйсавым аўтобусе сталі шэсьць чалавек. Тады сябе падарвала сьмяротніца.