У Кіеве склікаюць новае Народнае веча — супраць тэрору

Пратэстовец прымацоўвае партрэты зьбітай Тацяны Чарнавол на сьцяне будынку Міністэрства ўнутраных спраў Украіны

Рада Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Майдан» зьбірае ў нядзелю Народнае веча на майдане Незалежнасьці ў Кіеве і Аўтамайдан пад Межыгор’ем, дзе жыве прэзыдэнт Віктар Януковіч.
Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе ўкраінскай партыі «Бацькаўшчына».

«Улада перайшла ад пагроз і правакацый да наўпростага тэрору. Менавіта таму Рада Ўсеўкраінскага аб’яднаньня „Майдан“ ухваліла рашэньне аб правядзеньні ў нядзелю, 29 сьнежня, а 12-й гадзіне Народнага веча „Салідарнасьць супраць тэрору“ на майдане Незалежнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні.

Тацяна Чарнавол

Пасьля Народнага веча на Майдане плянуецца выязны Аўтамайдан ў Межыгор’е. Удзельнікі з транспартнымі сродкамі зьбіраюцца непадалёк ад майдану Незалежнасьці — на Эўрапейскай плошчы Кіева.

Рашэньне было ўхваленае пасьля таго, як пад Кіевам пазамінулай ноччу невядомыя зьбілі журналістку і актывістку Эўрамайдану Тацяну Чарнавол. Інцыдэнт адбыўся каля поўначы, калі жанчына ехала са сталіцы да бацькоў, якія пражываюць у Барыспальскім раёне Кіеўскай вобласьці.

Актывістку Эўрамайдану білі трое мужчын.

Чарнавол змагла растлумачыць, што каля 12 гадзін ночы яна на сваім аўтамабілі пакінула Майдан і, калі рухалася ў напрамку вёскі, дзе пражываюць яе бацькі, то заўважыла, што яе перасьледуе аўтамабіль. Калі яна зрабіла некалькі манэўраў, каб адарвацца ад яго, у яе нічога не атрымалася, потым гэты аўтамабіль прыціснуў яе да ўзбочыны. Калі яна спрабавала ўцячы, яе дагналі некалькі чалавек і нанесьлі ёй цялесныя пашкоджаньні.

Напад быў зафіксаваны відэарэгістратарам у машыне Чарнавол, міліцыя ўжо затрымала двух падазраваных у нападзе, трэці абвешчаны ў вышук. Украінскія і сусьветныя праваабарончыя арганізацыі асудзілі напад, заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу «хуліганства, учыненае групай асоб».

Тацяна Чарнавол знаходзіцца ў шпіталі ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі, яе чакае некалькі апэрацый.