Беларусы Таронта супраць хакейнага чэмпіянату ў Менску

19 сьнежня ў канадзкім Таронта, каля Музэю хакейнай славы прайшоў пікет супраць правядзеньня ў Беларусі чэмпіянату сьвету па хакеі.
Пра гэта Радыё Свабода паведаміла Валянціна Шаўчэнка, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады.

Пікет быў арганізаваны Згуртаваньнем беларусаў Канады і прымеркаваны да трэцяй гадавіны разгону Плошчы ў Менску.

Чэмпіянат сьвету па хакеі пройдзе ў Менску з 11 па 25 траўня 2014 году. Палітыкі шэрагу краінаў, сярод якіх Фінляндыя, Швэцыя, Польшча неаднаразова выступалі з прапановай байкатаваць гэтае спартовае мерапрыемства ў Менску з-за наяўнасьці ў краіне палітычных вязьняў і сьмяротнага пакараньня.

А на сайце www.change.org ужо сабрана каля 20 000 подпісаў пад электроннай пэтыцыяй, якая заклікае не дапусьціць правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі.