Мацкевіч: Эўропа трохі загулялася з дыктатарам

Уладзімер Мацкевіч

Беларусь гатовая на любыя захады дзеля нармалізацыі адносінаў з Эўразьвязам. Пра гэта заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў. Ці азначаюць гэтыя словы кіраўніка дзяржавы нейкія перамены ў замежнай палітыцы — або гэта звычайная дыпляматычная ветлівасьць? Чаго афіцыйны Менск чакае ад Захаду і на якія крокі гатовы ісьці сам? На гэтыя пытаньні адказвае мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

— Ці можна лічыць словы Аляксандра Лукашэнкі праявай звычайнай дыпляматычнай ветлівасьці, або афіцыйны Менск дае чарговы знак, што хоча палепшыць адносіны з Эўразьвязам і можа зрабіць для гэтага нейкія крокі?

— Так здарылася, што я трохі ведаў пра чаканьні новага амбасадара Нідэрляндаў — чаканьні былі менавіта такія, каб беларускія ўлады добраахвотна зрабілі нейкі хоць бы рытарычны крок насустрач Эўропе. І Лукашэнка робіць менавіта такі рытарычны крок — гаворыць тое, што ад яго хочуць пачуць. Нічога дзіўнага тут няма — гэта ягоныя звычайныя паводзіны.

— Гэта толькі рыторыка — ці яна нешта азначае? Або афіцыйны Менск нецярпліва чакае ад Эўропы нейкіх крокаў на збліжэньне, а сам не гатовы зрабіць такія крокі, перш за ўсё — вызваліць палітвязьняў?

— Менавіта так. Гэта толькі рыторыка, і яна зьвязаная з агульнай сытуацыяй у рэгіёне, якая склалася вакол Украіны. Як мы ведаем, адной з умоваў, якую вылучала Эўропа перад падпісаньнем дамовы аб асацыяцыі, было вызваленьне Юліі Цімашэнкі. Кіеў ня выканаў гэтага патрабаваньня, але Эўропа была гатовая пайсьці на падпісаньне пагадненьня з Украінай нават пры наяўнасьці такога вядомага палітвязьня, як Юлія Цімашэнка.

І гэта натхняе Лукашэнку, каб дамагчыся ад Эўропы крокаў насустрач — незалежна ад наяўнасьці палітвязьняў. Аналітыкі ўжо ня раз выказваліся, што Эўропа трохі загулялася з дыктатарам. І кіраўнік Беларусі карыстаецца гэтым момантам, адсутнасьцю рашучасьці ў эўрапейскага боку.

— З гэтага пункту гледжаньня ці магчыма прагназаваць, што неабходнасьць браць крэдыты на Захадзе, у МВФ можа падштурхнуць Лукашэнку да нейкіх крокаў насустрач са свайго боку?

— Тут зноў жа ўсё залежыць ад сытуацыі ў Кіеве. Калі Эўразьвяз, як абяцаў эўракамісар Фюле ды іншыя, паспрыяе таму, каб МВФ выдаў крэдыт Украіне, то на гэта можа разьлічваць і Лукашэнка. Лукашэнка не вядзе тут самастойную гульню, а прыстасоўваецца да тых акалічнасьцяў, якія складаюцца ў адносінах Украіны і Эўразьвязу.