Народны лекар

Вялікай краіне Андоры (468 квадратных кілямэтраў, 90 тысяч насельніцтва — і ўсе пагалоўна андорцы: уяўляеш?) ёсьць чым ганарыцца. І гаворка ня толькі пра перамогу андорскай нацыянальнай зборнай над беларусамі зь лікам 2:0 гадоў дванаццаць таму. У самым канцы васямнаццатага стагодзьдзя Андора зрабілася першай краінай у Эўропе, якая адмяніла заканадаўчы перасьлед гомасэксуалістаў, чым паказала прыклад шмат каму са значна больш уплывовых дзяржаваў.

І праўда, падумалі ўплывовыя дзяржавы, нашто садзіць у турмы хворых? Іх лячыць трэба. Нават такі знаны прафэсар, як Крафт-Эбінг, кніга якога «Псыхапатыя сэксуаліс» можа чытацца як навуковы трактат, а можа як парнаграфічны раман або кроніка паўсядзённасьці, каму як больш падабаецца, уважаў аднаполае каханьне за паталёгію псыхікі. Дас іст лечыцца, казаў ён, супакойваючы грамадзтва, дас іст ня лечыцца, казаў Фройд; гэта лечыцца рэгулярнымі абліваньнямі халоднай вадой і штодзённымі малітвамі, казала і кажа царква; гэта лечыцца за пятнаццаць хвілін, адным добрым групавым згвалтаваньнем, кажуць псыхолягі-аматары з групы «Чорная сотня за здаровы лад жыцьця», ужо ж што-што, а такая мэтодыка дазволіць пацыенту адчуць усе радасьці правільнага сэксу!; гэта лечыцца, кажуць кансэрватыўныя палітыкі, але толькі на раньняй стадыі, і мы не дапусьцім хранічных формаў...

Гэта лечыцца, кажа чалавек з народу, форумны мудрэц, ананімны камэнтатар, вялікі мастурбатар ісьціны, які ўнівэрсытэтаў не канчаў, таму разумее ў жыцьці ўсё: ад «Альфа-Рамэа» да «Опэлю Амэгі», і ведае, як зрабіць так, каб Рамэа кахаў Джульету, а не якога-небудзь Мэркуцыё: трэба прымусіць гэтых пі*арасаў працаваць, тады і балячка пройдзе сама сабой.

О, ён ведае ўсё, гэты чалавек з народу. Ён ведае шмат важных рэчаў: што ад ананізму валасы на руках растуць, што ў чалавека адна маці і што — чулі? — адзін чорны ў Амэрыцы забіў белага, а ў Швэцыі адмянілі хлопчыкаў. Ён упіваецца ўласнай сілаю. Гэта на ягоных голых валасатых плячах стаіць грамадзтва: поза, якая чамусьці не ўважаецца за сэксуальнае вычварэньне, бо адбываецца выключна з мэтай працягу роду і памнажэньнем сабе падобных: гэткіх самых разумных, працавітых істотаў зь лябёдкай, на якой пагойдваецца іхнае прызнанае дзяржаваю, адзіна правільнае лібіда.

Ён ведае, каму што пісаць, і як пісаць, і пра што, ён ведае, каму што думаць і каму што гаварыць, каго расстраляць, а каго кастрыраваць, ён хоча ведаць, хто колькі зарабляе і чым займаецца, калі застаецца сам-насам з сабой. Ён ведае, каму з кім спаць і хто з кім мусіць быць шчасьлівы, і чаму мусіць. Аналітык з крыжом, добры анальгетык для хворых збачэнцаў. Ён усім паставіць дыягназ, ён — народны лекар без дыплёма але з дрынам веры, якую не зламаць нават д’яблу.

І ён ніколі не зразумее: як гэта яго не спыталі?..

Не спыталі, напрыклад, сорак гадоў таму. Калі Амэрыканская псыхалягічная асацыяцыя нарэшце ўздыхнула і пастанавіла, што любіць таго, каго хочаш, ня ёсьць псыхічным захворваньнем. Трынаццаць чалавек з прэзыдыюму супраць двух. Асацыяцыя пастанавіла і тут жа засумнявалася, ці правільнай была такая пасьпешлівасьць. А вось народны лекар — ён ніколі ні ў чым не сумняваецца. Яно лечыцца. Паўтарай: лечыцца. Яно ўкленчвае і слухаецца. Яно ня вякае тут пра свае правы. Яно зробіцца чалавекам, калі будзе паслухмянае. Яно зразумее сваю памылку. Яно просіць прабачэньня і абяцае ніколі так больш не рабіць. Яно выправіцца, калі будзе пакорлівым. Рукі за галаву, тварам да сьцяны.