Зьявіўся афіцыйны сайт Рыгора Барадуліна

Рыгор Барадулін

Запрацаваў сайт baradulin.by. На грамадзкіх пачатках сайт стварыў журналіст Глеб Лабадзенка.
«Для мяне было нечаканасьцю, што сайт baradulin.by дагэтуль не існуе і нават ня быў зарэгістраваны, — кажа Лабадзенка. — Я патлумачыў дзядзьку Рыгору, навошта гэта патрэбна.

Ён пасьмяяўся з сучаснага выслоўя „калі цябе няма ў інтэрнэце, цябе няма нідзе“ ».

На сайце Глеб Лабадзенка сабраў вершы, фота, электронныя вэрсіі кнігаў Рыгора Барадуліна, а таксама згадкі ў прэсе: «За гады знаёмства зь дзядзькам Рыгорам у мяне назапасіліся тысячы фатаздымкаў і вершаў. Я падумаў, чаму б гэта ўсё не сабраць на адным сайце? Задача — ня столькі зрабіць нешта эксклюзіўнае, колькі забраць у адным месцы ўсю інфармацыю, датычную Барадуліна».

Вітальнае слова ад Рыгора Барадуліна



Глеб Лабадзенка спадзяецца, што сайт стане інтэрактыўным: «Буду ўдзячны, калі людзі будуць прысылаць нейкія матэрыялы». У разьдзеле «Кнігі» пакуль няма кнігі «Дуліна ад Барадуліна», якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды» ў 2004 годзе. «Дуліну ад Барадуліна» ў pdf-фармаце можна чытаць тут.