Адбылася эксгумацыя цела Ігара Пцічкіна

Ігар Пцічкін

У межах расьсьледаваньня прычын сьмерці ў ізалятары на Валадарскага менчука Ігара Пцічкіна адбылася эксгумацыя цела нябожчыка. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў праваабаронца Андрэй Бандарэнка.
Зьвесткі пацьвердзіла сястра нябожчыка Ірына Пцічкіна.

«Эксгумацыю зрабілі 4 сьнежня. Ужо зрабілі патрэбныя экспэртызы і перазахавалі Ігара на могілках ў Сеньніцы. Вынікі стануць вядомыя праз месяц. Мы адпачатку дамагаліся расьсьледаваньня забойства Ігара і гэта рэальны крок менавіта ў такім накірунку. Экспэрты мусяць дакладна вызначыць дзень сьмерці Ігара і паходжаньне траўмаў, якія ў яго знайшлі. Паводле сьледчага, вынікі экспэртызы стануць вядомыя празь месяц і пра іх мусяць паведаміць нашай маці, якая прызнаная пацярпелай у справе, але зь яе ўзялі падпіску пра неразгалошаньне. Паводле маіх зьвестак, маці сьледчаму пакуль давярае», — апавяла Ірына Пцічкіна.

Жыцьцё 20-гадовага Ігара Пцічкіна скончылася 4 жніўня ў ізалятары на Валадарскага, куды мянчук трапіў у канцы ліпеня для адбыцьця 3 месяцаў арышту за знаходжаньне ў нецьвярозым стане за рулём аўтамабіля. Сваякі Ігара Пцічкіна мяркуюць, што ў ізалятары яго забілі, і не выключаюць, што гэта зрабілі супрацоўнікі з адмысловай каманды па задушэньні забурэньняў у вязьніцы.

Адміністрацыя ізалятару спачатку настойвала на вэрсіі, што Ігар Пцічкін памёр ад сэрца. Пасьля несанкцыянаванага пікету каля Валадаркі, у якім бралі ўдзел сваякі, сябры Ігара Пцічкіна і грамадзкія актывісты, у кастрычніку была распачатая крымінальная справа супраць лекара ізалятара паводле артыкулу аб неаказаньні патрэбнай мэдычнай дапамогі. Пра вынікі гэтага расьсьледаваньня грамадзкасьці амаль нічога невядома.