Дзень правоў чалавека: Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай

10 сьнежня – Дзень правоў чалавека. У гэты дзень у 1948 годзе была прынятая Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека.
Сам Дзень правоў чалавека быў зацьверджаны Генэральнай Асамблеяй ААН у сьнежні 1950 году.

Беларусь традыцыйна называецца ў ліку найгоршых краінаў у розных рэйтынгах і дакладах, датычных дэмакратычных свабодаў у сьвеце.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў штогадовай справаздачы аб стане правоў чалавека ў сьвеце ў 2012 годзе, у разьдзеле прысьвечаным Беларусі – якая клясыфікуецца як аўтарытарная дзяржава – напісаў сярод іншага:

«Найбольш значнымі праблемамі ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму застаюцца наступныя: а) няздольнасьць грамадзянаў зьмяніць уладу; b) у сыстэме, пазбаўленай прынцыпу стрыманьня і процівагі, улады дапускаюць частыя сур’ёзныя злоўжываньні; с) людзей працягвалі зьнявольваць паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў, і ўлады дагэтуль не далі справаздачы аб палітычна матываваных зьнікненьнях людзей у мінулым.

Іншыя праблемы з правамі чалавека ўключалі злоўжываньні з боку сілаў бясьпекі, якія зьбівалі затрыманых і дэманстрантаў, ужывалі празьмерную сілу для разгону мірных дэманстрантаў і, паводле паведамленьняў, ужывалі катаваньні або жорсткае абыходжаньне падчас сьледзтва і ў турмах. Умовы ў турмах заставаліся надзвычай дрэнныя».

У справаздачы праваабарончай арганізацыі «Свабода прэсы 2012» Беларусь залічаная да краінаў, дзе стан свабоды СМІ найгоршы – яна апынулася на 193-м месцы ў сьпісе 197 краінаў. Горай са свабодай прэсы, чым у Беларусі, было толькі ў Эрытрэі, Узбэкістане, Туркмэністане і Паўночнай Карэі.

У Беларусі ў турмах на сёньняшні дзень застаюцца наступныя палітвязьні: Ігар Аліневіч, Мікалай Аўтуховіч, Алесь Бяляцкі, Яўген Васьковіч, Мікалай Дзядок, Эдуард Лобаў, Арцём Пракапенка, Мікола Статкевіч, Васіль Парфянкоў.